Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Расеі могуць выслаць амаль тры мільёны замежнікаў


Па дадзеных міграцыйнай службы, яны перавысілі 90-дзённы тэрмін знаходжаньня і своечасова не афармляюць дакумэнты.

За парушэньне міграцыйнага заканадаўства з Расеі могуць выслаць 2 700 000 замежнікаў, заявіў у сераду кіраўнік Фэдэральнай міграцыйнай службы (ФМС) РФ Канстанцін Рамаданаўскі.

«2 700 000 замежнікаў зараз знаходзяцца ў Расеі ў так званай групе рызыкі, яны перавысілі 90-дзённы тэрмін знаходжаньня пры адсутнасьці аформленых дакумэнтаў на працоўную дзейнасьць», — заявіў кіраўнік ФМС. Паводле яго слоў, ўезд у Расею ўжо зачынены для больш 1.460.000 чалавек.

Па дадзеных кіраўніка ведамства, большасьць тых, хто парушае заканадаўства аб міграцыі — грамадзяне Ўкраіны. Цяпер у Расеі, па яго дадзеных, знаходзяцца больш за 2,6 млн грамадзянаў Украіны: «2 млн 642 тыс. грамадзянаў Украіны. Зь іх 1.000.000 38 тыс. — з паўднёва-ўсходніх абласьцей. 21 тыс. утрымліваюцца ў 369 пунктах часовага разьмяшчэньня» , - сказаў міністар.

Раней Расея пагражала адмяніць ільготны рэжым знаходжаньня ўкраінцаў на тэрыторыі краіны. Аднак ФМС паабяцала яго падоўжыць. «У сувязі з ўнутрыўкраінскім крызісам да 1 жніўні 2015 года для грамадзян Украіны прадугледжаны прэфэрэнцыі, якія тычацца рэжыму знаходжаньня і працоўнай дзейнасьці. Мяркую мэтазгодным падоўжыць тэрмін прэфэрэнцый для пацярпелых ад баявых дзеяньняў у Луганскай і Данецкай абласьцях», — сказаў Рамаданаўскі.

Астатнія грамадзяне Ўкраіны змогуць без выезду знаходзіцца ў Расеі да 90 сутак, удакладніў міністар.

У той жа час Рамаданаўскі падкрэсьліў, што на дадзены момант немэтазгодным аб’яўляць міграцыйную амністыю ў РФ.

«Я лічу, што ў амністыі неабходнасьці няма. На сёньняшні дзень як такой амністыі не патрабуецца. Час пакажа», — сказаў Рамаданаўскі на прэс-канфэрэнцыі ў сераду.

XS
SM
MD
LG