Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Вінцэсь Мудроў


Вінцэсь Мудроў — празаік. Нарадзіўся ў 1953 у Полацку. Скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Аўтар кніг прозы: «Жанчыны ля басэйну», «Гісторыя аднаго злачынства», «Ператвораныя ў попел», «Багун», «Альбом сямейны». Сталы аўтар часопіса «Дзеяслоў» і тыднёвіка «Наша Ніва». Жыве ў Наваполацку.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Дазволю сабе пэўным чынам трансфармаваць пытаньне, замяніўшы «для каго» на «дзеля чаго». Ворагі Беларушчыны спадзяваліся, што пазбаўленая дзяржаўнай падтрымкі наша прыгожае пісьменства загавее душой. Каб такія спадзеўкі ня спраўдзіліся, я і ўдзельнічаю ў літаратурным працэсе.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

За сваім, яшчэ савецкіх часін, сталом. А ўлюбёны час для творчасьці — позьні вечар і пачатак ночы.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Цяжка сказаць, бо ніколі ня меў падобных інтэнцыяў.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Ясенінскае жарабя, пра якое паэт напісаў: «Милый, милый, смешной дуралей...»

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Ісмаіль Кадарэ. Зь беларускіх аўтараў — Вячаслаў Адамчык.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Раман Ісмаіля Кадарэ «Аварыя» (у перакладзе на польскую мову).

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Калісьці шмат чытаў па-польску. Прачытаў пару гістарычных кніг па-летувіску (са слоўнікам, вядома). Даводзілася таксама чытаць тое-сёе па-альбанску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Такое вызначэньне мусіць грунтавацца на пэўным літаратурным даробку. Іншымі словамі, калі б была паліца выдадзеных кніг, было б з чаго выбіраць, а ў маім выпадку выбіраць папросту няма з чаго.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Здавён часу жыву надзеяй напісаць раман пра Максіма Багдановіча.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Свабодным я адчуваю сябе, калі патрапляю ў Эўропу. Зрэшты, гэта надарылася толькі два ці тры разы ў жыцьці.


Фота Э. Цецярэўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG