Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дняпро абмялеў: спынілася суднаходзтва, паменела рыбы


Там, дзе раней была вада, расьце трава.

Там, дзе раней была вада, расьце трава.

У Магілёве на Дняпры спыненае суднаходзтва. Мясцовы рачны порт нясе страты. Урачыста адкрыты сёлета прычал для прагулачных катараў незапатрабаваны. На прыколе і самі катары. Паменела ў рацэ рыбы. Прычына — абмяленьне ракі.

Два гады запар на Дняпры не было добрых паводак. Сёлетняе сьпякотнае лета сытуацыю пагоршыла. Падзеньне ўзроўню вады прывяло да спыненьня суднаходзтва. Судны стаяць на прыколе ў мясцовым рачным порце.

«Няма вады, значыць няма канкрэтнай працы. Нясём страты. Расходная частка ўзрастае», тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі порту.

«У арэнду аддалі судна ў Воршу і цяпер і яно, і баржа завісьлі. Да якога часу, ніхто ня ведае. Зноў жа нясём расходы дадатковыя. Мостабудаўнічае прадпрыемства таксама. Судна ж трэба ахоўваць. У Магілёве каля Пушкінскага мосту стаяць два краны і там, відаць, застануцца да зімы, альбо да вялікай вады. Іх асадка ў ваду да аднаго мэтра дзесяці сантымэтраў, а глыбіні цяпер — да 60 сантымэтраў. Як мы іх у порт даставім?»

На затоцы

На затоцы

Прычал, які абышоўся ў паўтара мільярда рублёў і ўрачыста быў сёлета адкрыты ў траўні, застаецца незапатрабаваным. Вада ад яго адступіла на паўтара мэтры.

Праз абмяленьне ракі прагулачныя судны ня могуць дайсьці да прычалу. Тым ня менш, заўважаюць партавікі, суднаходзтва прыпыненае толькі на магілёўскім участку ракі вышэй парта. Ніжэй па раце ад яго выконваюцца замовы кліентаў на прагулачнай плаўверандзе «Хваля».

Рыбакі сьцьвярджаюць, што рэчышча агалілася да двух мэтраў. Такога раней не назіралася. Запаволілася і рачная плынь. Водарасьці, якія хавала вада раней, апынулася на паверхні.

На затоцы

На затоцы

«Сёлета не было паводкі. А, напрыклад, пазамінулы год, дык вада падымалася на 2,5 −3 мэтры, — тлумачыць сытуацыю адзін з рыбакоў. — У паводку вымываюцца яміны пад вадой. Калі павольная плынь і няма паводкі, то яміны замываюцца і рыба сыходзіць. Вялікай рыбы няма ажно да самага Быхава. Корму для яе, відаць, не стае ды й вады мала».

Ранейшыя паводкі падмывалі берагі

Ранейшыя паводкі падмывалі берагі

«Два гады не было паводкі і рыба ўся сышла, наракае яшчэ адзін рыбак. — Два гады нерасту не было. Калі трэці год тое адбудзецца, то Дняпро ператворыцца ў балота».

Вады не стае, бруду ўдосталь. Такіх звалак нямала на берагах Дняпра

Вады не стае, бруду ўдосталь. Такіх звалак нямала на берагах Дняпра

«Каб Дняпро падняўся, трэба, каб дажджы ладныя ішлі тыдзень. Рака папаўняецца за кошт грунтовых вод, а іх узровень таксама паменеў. Цяпер і чарвяка адшукаць цяжка», даводзіць суразмоўца.

Цяперашні памер рыбы. Адна зь іх – здохлая каля берага

Цяперашні памер рыбы. Адна зь іх – здохлая каля берага

«Значна зьмялеў Дняпро. Бачыце мелі ўтварыліся, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін рыбак. — Забруджана дужа рака. Цяпер увесь бруд вылез. Якая у ім можа быць рыба? Усё ў бутэльках. Камэры, пакрышкі. Чаго толькі ня знойдзеш».

Спэцыялісты з гідрамэтцэнтру супакойваюць: катастрафічнага ў абмяленьні ракі няма. Нізкі ўзровень вады зьвязаны з сэзоннымі хістаньнямі.

Качкам вады хапае

Качкам вады хапае

«Калі пойдуць ападкі, то ўзровень падымецца. У нас жа і ўзімку сьнегу не было. Дажджоў і ўвесну і ўлетку таксама. Калі-небудзь разальецца Дняпро і стане нармальна. Падземныя воды таксама спадаюць. Нашы балоты перасыхаюць. Таму дажджы патрэбныя ня толькі для Дняпра, але для ўсіх», паведамілі ў гідраметцэнтры.

Цяперашні Дняпро ў Магілёве

Цяперашні Дняпро ў Магілёве

Днямі падзеньне ўзроўню вады ў Дняпры дасягнула рэкорднай адзнакі за ўсе гады назіраньня за ракой — мінус 23 сантымэтры. Летась было мінуць 13. Назіраньні вядуцца ад 1876 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG