Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канадзе памерла беларуская дзяячка Марыя Ганько


Марыя Ганько
Марыя Ганько

Марыя Ганько памерла 20 ліпеня ў Таронце ва ўзросьце 85 гадоў, паведамляе «Наша Ніва».

Марыя Ганько (дзявочае прозьвішча Кулеш) нарадзілася ў 1930-м у Вялейскім раёне — тады гэта былі заходнебеларускія землі ў складзе Польшчы. Пасьля прыходу саветаў сям’ю раскулачылі, адных выслалі ў Сібір, астатнія былі на чарзе.

У 1944 г. Марыя разам са сваякамі падалася на Захад. Пад Беластокам Марыя скончыла школу, тэхнікум, працавала ў арганізацыі, якая займалася пастаўкамі харчоў у вёскі.

У 1957-м наведала Беларусь, як яна пісала, «маючы надзею застацца на радзіме», да таго ж там заставалася мама. Але галеча беларускай вёскі моцна ўразіла. У вясковай краме амаль нічога нельга было купіць:

«Толькі-толькі скончылася сталінскае рабства, калі не было пашпартоў, і ўсе маладыя і працаздольныя кінуліся ў гарады. Заставацца ў вёсцы азначала прызнаць, што ты ўжо нічога ня варты».

Марыя вярнулася ў Польшчу, а ў 1959-м прыйшоў выклік ад брата, што жыў у Канадзе, і маладая жанчына наважылася на пераезд.

У царкве св. Кірылы Тураўскага ў Таронце яна пазнаёмілася з адным зь лідэраў беларускай грамады, шматгадовым старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады Міколам Ганьком (малодшым братам лідэра СБМ Міхася Ганька).

«Назаўтра, у нядзелю, была багаслужба. Пасля набажэнства Мікола запрасіў мяне паехаць на Ніягару. Шмат разоў я бывала на Ніягары, але першага ўражаньня я не забуду ніколі... З той паездкі іншыя людзі для мяне не існавалі. Новы год мы сустракалі разам, і ў адказ на прапанову Міколы стаць ягонай жонкай, я згадзілася. Дзень вянчаньня памятаецца, як учора».

Марыя ўладкавалася ў краму. Яна разьмяркоўвала па крамах тавар са складу. Заробак быў невялікі, муж зарабляў някепска. Урэшце ён сказаў: «Хопіць, лепей цалкам сканцэнтравацца на грамадзкай працы. І тады я з галавой акунулася ў грамадзкае жыцьцё».

Марыя Ганько брала ўдзел у працы ЗБК, парафіі св. Кірылы Тураўскага, была доўгачасовым скарбнікам царкоўнай парафіі.

«Не скажу, што мы з мужам былі фанатыкамі, але беларуская справа была ў нас у крыві».

Марыя Ганько падтрымлівала розныя беларускія справы і праекты. Выпусьціла ў гонар мужа, што памёр у 1999-м, кнігу «Каб сьведчылі пра Беларусь» (2005). У 2009-м заснавала «Прэмію імя Міколы Ганько», якая ўручаецца за ўнёсак у справу дасьледаваньня ці прапаганды беларускай справы. Сярод ляўрэатаў — Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва, ЗБС «Бацькаўшчына», настаўніца з Асіповіцкага раёну Надзея Сакава.

Марыя Ганько актыўна займаліся беларускімі грамадзкімі і царкоўнымі справамі ў парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага. 11 гадоў таму, адказваючы на пытаньне Свабоды пра далейшы лёс парафіі, калі адыдзе старэйшае пакаленьне, яна разважала:

«Ёсьць адзінкі вельмі зацікаўленыя, якія працуюць цяпер, але, бальшыня кажуць: „А што гэта нам дасьць?“ Але ў такіх людзей будзе кароткае жыцьцё ў Канадзе таму, што калі яны ня будуць належаць да нейкай этнічнай групы, нідзе ня будуць мець добрага прытулку. Тут кожная група, усе людзі між сабою жывуць, а калі хто чужы прыходзіць, то хутка зразумее, што ён тут не патрэбны. Калі чужы, то няхай сабе ідзе да сваіх. Так і з нашымі будзе і было раней, некаторыя пайшлі да расейцаў, украінцаў, але з часам вярнуліся.

Калі яны пастарэюць, яны прыйдуць да Бога. Я ўжо бачу цяпер, крышку ёсьць зьмена. Калі ў некага нехта адыдзе ў Беларусі і тады прыходзяць у царкву памаліцца і сьвечку паставіць. Людзі не былі выхаваныя ў духу царкоўным, якія прыяжджаюць.

Я веру ў тое, што нават калі мы адыдзем, нашае пакаленьне. застанецца можа ня столькі, колькі было, але будуць трымаць таму, што зразумеюць, што трэба мець нешта сваё, каб сабрацца, пабыць разам. Чалавек у сваёй хаце ня можа жыць увесь час, ён мусіць быць зь людзьмі. І гэтыя, якія цяпер мала прыходзяць, але бачна, што яны ўжо адчуваюць, што мусяць сустракацца са сваімі людзьмі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG