Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэжысёр Алег Сянцоў не прызнаў віну і назваў справу сфабрыкаванай


У Растове-на-Доне ў Паўночна-Каўкаскім акруговым ваенным судзе сёньня пачаўся судовы працэс па «справе аб крымскіх тэрарыстах».

У падрыхтоўцы дывэрсіяў і тэрактаў на анэксаваным Расеяй паўвостраве абвінавачаныя чацьвёра жыхароў Крыму, сярод іх — кінарэжысёр Алег Сянцоў. Ён знаходзіцца пад вартай ужо больш за год. Разам зь ім на лаве падсудных — анархіст Аляксандар Кольчанка.

Па вэрсіі ФСБ, іх мэтай было ўчыненьне вясной 2014 году дывэрсійна-тэрарыстычных актаў у Сімфэропалі, Сэвастопалі і Ялце — выбухі самаробных прыладаў каля мэмарыялу Вечнага агню і помніка Леніну ў Сімфэропалі, падпалы офісаў грамадзкай арганізацыі «Руская абшчына Крыму» і партыі «Адзіная Расія».

Алег Сянцоў не прызнаў сваю віну ў ходзе пасяджэньня суду. Ён заявіў, што не лічыць гэты «суд за суд». Абвінавачваньні адхіліў і другі фігурант справы анархіст Аляксандр Кольчанка.

На слуханьнях пракурор заявіў, што Сянцоў сваімі дзеяньнямі хацеў аказаць ціск на органы ўлады, каб Крым выйшаў са складу Расеі. На просьбу рэжысёра растлумачыць, аб якім менавіта ціску і аб якіх органах улады ідзе гаворка, судзьдзя адказала, што «пытаньні цяпер немагчымыя». На думку Сянцова, справа ў дачыненьні да яго сфальшаваная.

Адвакат Дзьмітры Дінзэ распавёў Радыё Свабода пра тое, што яго падабароннага катавалі супрацоўнікі ФСБ.

Па крымінальнай справе, акрамя Сянцова і Кольчанкі, праходзяць яшчэ два чалавекі: Генадзь Афанасьеў і Аляксей Чырны. Афанасьеў і Чырны далі прызнальныя паказаньні і, заключыўшы зьдзелку са сьледзтвам, былі асуджаныя на 7 гадоў пазбаўленьня волі кожны. Сянцову і Кольчанку пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Шэраг расейскіх і замежных дзеячаў мастацтва і праваабаронцаў не раз выказваліся ў абарону і падтрымку Алега Сянцова. Яны лічаць абвінавачваньні, вылучаныя супраць яго, надуманымі і палітычна матываванымі.

XS
SM
MD
LG