Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля МЗС Польшчы ў Варшаве адбыўся незвычайны пэрформанс, аўтар якога дамагаўся адмены візаў для беларусаў.

Каля 9 гадзіны раніцы недалёка ад гмаху МЗС спыніўся аўтамабіль, з лафету ягога быў зьняты яшчэ адзін аўтамабіль ці, дакладней, палова аўтамабіля — кузаў аўто расьпілавалі напалову, каб было відаць, што знаходзіцца ўнутры. А там — манэкены ў белых халатах, ды розныя тавары — пампэрсы, туалетная папера, запчасткі ды інш.

Аўтар акцыі — жыхар Менску, «вольны мастак» Алесь Міхалковіч, які таксама быў апрануты ў белы халат, заявіў, што праз пэрформанс «Санітары Эўропы», хоча зьвярнуць увагу на тое, што беларусы набываюць вялізную колькасьць рэчаў у суседняй Польшчы, але надалей мусяць мець візы, каб наведаць гэтую краіну.

«Я хачу паказаць, што такая беларусы не ўсьведамляюць сваёй ролі. Яны вывозяць з Польшчы, Эўразьвязу, усё гэтае сьмецьце, але адначасова церпяць прыніжэньні — пачынаючы ад атрыманьня візы, потым мяжы. Я кажу гэта выключна ад сябе, бо прайшоў праз гэта», — кажа Міхалковіч.

Па ягоных словах, Польшча павінна лабіраваць у ЭЗ адмену візаў для Беларусаў у аднабаковым парадку.

Ахова МЗС пераконвала беларускага пэрформэра неадкладна вызваліць паркінг насупраць будынку, на якім затрымліваюцца звычайна аўто кіраўніцтва міністэрства і амбасадараў. Той адмовіўся, заявіўшы, што зробіць гэта праз 15 хвілінаў і выканаў сваё абяцаньне. Паліцыя, якую выклікалі ахоўнікі, толькі ўзяла пашпартныя дадзеныя Алеся.

Падобныя пэрформансы спадар Міхалковіч зладзіў у Польшчы таксама ў Тэрэспалі і Бялай-Падлясцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG