Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны пункт Менскіх дамоўленасьцяў ня выкананы, — цэнтар Разумкова


Сёньня ў Менску — чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы Ўкраіна — АБСЭ — Расея па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

У парадак дня ўключаныя вынікі сустрэч працоўных падгрупаў па бясьпецы, гуманітарных, палітычных і эканамічных пытаньнях.

У пасяджэньні возьме ўдзел дзейны старшыня АБСЭ, першы намесьнік прэм’ер-міністра — міністар замежных спраў Рэспублікі Сэрбія Івіца Дачыч.

Адным з асноўных пытаньняў, якія абмяркуе кантактная група, стане адвод узбраеньняў калібрам менш за 100 мм, паведаміў прадстаўнік самаабвешчанай «ЛНР» Уладзіслаў Дэйнэга. Сэпаратысты заяўляюць пра аднабаковы адвод узбраеньняў, які нібыта адбыўся 19 ліпеня.

Адмысловая маніторынгавая місія АБСЭ на Данбасе зафіксавала рух цяжкага ўзбраеньня з боку баевікоў ад лініі судакрананьня ў зоне правядзеньня АТА, але ня лічыць гэта адводам узбраеньня.

«Місія АБСЭ 20 ліпеня не назірала адводу, місія назірала рух танкаў і іншай цяжкай тэхнікі з боку „ДНР“ і „ЛНР“», — сказаў намесьнік старшыні місіі Аляксандар Хуг. «Мы ня бачылі ніякага адводу», — адзначыў ён.

Папярэднія кансультацыі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ — Леаніда Кучмы, Азамата Кульмухаметава і Марціна Сайдыка, а таксама прадстаўнікоў баевікоў, прайшлі 7 ліпеня.

Пра мэтазгоднасьць удзелу ўкраінскага боку ў перамовах і пра іх пэрспэктывы Свабода пагаварыла з судырэктарам праграмаў зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі Цэнтру Разумкова Аляксеем Мельнікам.

— Цяпер лідэры сэпаратыстаў заяўляюць пра аднабаковы адвод узбраеньняў, які нібыта адбыўся 19 ліпеня. Гэта абвяргае місія АБСЭ. Як ставіцца да такіх заяваў прадстаўнікоў «ДНР» і «ЛНР»?

— Каб даваць ацэнкі любым падобным заявам, ініцыятывам і ўвогуле пэрспэктывам урэгуляваньня гэтага канфлікту ў менскім ці любым іншым фармаце, трэба разумець наступнае. Усе заявы, якія робяць лідэры так званых «ДНР» і «ЛНР», — гэта агучваньне мэсыджаў іхніх куратараў з Крамля. Калі ж гэта іх уласныя ідэі, якія ня маюць ніякага дачыненьня ні да ходу канфлікту, ні да пэрспэктывы яго ўрэгуляваньня, то гэта хутка становіцца ясным — такія заявы абвяргаюцца, асабліва калі яны ня ўпісваецца ў генэральную лінію Крамля.

— Якая мэта Крамля ў цяперашняй стадыі канфлікту?

— На дадзены момант Крэмль не зацікаўлены ва ўрэгуляваньні сытуацыі. Насамрэч ён зацікаўлены ў падтрымцы пэўнага ўзроўню эскаляцыі, які ў патрэбны момант можна ўзмацніць. Таксама важна, каб заставалася магчымасьць падаць сыгнал, што пры пэўных умовах можа быць распачаты працэс дээскаляцыі. Гэта цяпер самы магутны інструмэнт у арсэнале Крамля, і трэба адзначыць, што гэты інструмэнт вельмі эфэктыўна выкарыстоўваецца супраць Украіны цягам ужо 17 месяцаў.

— Калі ёсьць разуменьне, што кантактная група ня мае магчымасьці спыніць збройнае супрацьстаяньне, навошта Ўкраіна бярэ ўдзел у пасяджэньнях?

— Ва ўкраінскага кіраўніцтва ёсьць разуменьне, што любы дыялёг — незалежна ад таго, ці ёсьць там станоўчая пэрспэктыва, — гэта лепш, чым адсутнасьць якіх-небудзь кантактаў. Перасьцярогі, якія ёсьць з украінскага боку, — гэта тое, што падобныя сустрэчы не павінны даваць падставы для легітымізацыі прадстаўнікоў «ЛНР» і «ДНР». Пытаньні, якія абмяркоўвае кантактная група, пераважна носяць тэхнічны характар — гэта розныя дэталі рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў. Самым галоўным пунктам я б назваў вызваленьне ўкраінскіх вайсковых палонных. Гэта адно з ключавых палажэньняў менскіх дамоўленасьцяў, якое так і не было выканана. Ідуць гутаркі пра абмен палоннымі, але ў тэксьце менскіх дамоўленасьцяў канстатуецца вызваленьне, а не абмен — прычым тэрміны, якія былі вызначаныя для гэтага, ужо даўно выйшлі. Таму можна з упэўненасьцю сказаць, што гэты пункт ня выкананы — замест вызваленьня ідзе гандаль украінскімі палоннымі для таго, каб звольніць частку баевікоў. Таксама падчас пасяджэньняў кантактнай групы могуць абмяркоўвацца пытаньні гуманітарнага характару — дастаўка на Данбас гуманітарнай дапамогі, забесьпячэньне бытавых умоваў жыцьця насельніцтва. Але гэты фармат ні ў якім разе ня можа прывесьці да сур’ёзнага ўрэгуляваньня канфлікту.

— Новы прадстаўнік АБСЭ ў кантактнай групе Марцін Сайдык назваў папярэдняе паседжаньне канструктыўным, хоць яно скончылася без відавочных вынікаў. Чым тлумачыцца такая ацэнка?

— Многія прымаюць пазытыўныя заявы эўрапейцаў і амэрыканцаў за чыстую манэту. У заходнікаў гэта норма — даючы ацэнкі, адзначыць пазытыў, пахваліць. Нашы людзі пачынаюць з крытыкі. Таму дзяжурныя станоўчыя выказваньні таго ж Марціна Сайдыка трэба ўспрымаць як заўвагу пра добрае надвор’е, ня больш. Што тычыцца зьмены прадстаўніка АБСЭ, то ён — прадстаўнік міжнароднай арганізацыі, таму пэўныя карэктывы ў ягоных ацэнках могуць быць зьвязаныя толькі зь яго пэрсанальнымі якасьцямі як перамоўніка. Але ня трэба чакаць, што зьмена прадстаўніка АБСЭ, пры тым, што агульная сытуацыя застаецца такой жа самай, можа прывесьці да нейкіх прарываў.

XS
SM
MD
LG