Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правы сэктар» склікае ў Кіеве веча з патрабаваньнем адстаўкі прэзыдэнта


Арганізацыя «Правы сэктар» зьбірае сёньня ў Кіеве, на Майдане Незалежнасьці Ўсеўкраінскае веча. На ім будуць патрабаваць адстаўкі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і роспуску Вярхоўнай Рады. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода сьпікер «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі.

Ён таксама адзначыў, што гэтая акцыя будзе мірнай — пакуль мірнай. Са свайго боку Пятро Парашэнка пасьля інцыдэнту ў Мукачаве неаднаразова заяўляў, што ўсе незаконныя ўзброеныя фармаваньні павінны скласьці зброю. Камандзір батальёну «Кіеў-2» Багдан Вайцяхоўскі лічыць, што анансаванае «Правым сэктарам» веча ва ўмовах расейскай вайны супраць Украіны зьяўляецца разгойдваньнем лодкі.

«Рэжым Парашэнкі цалкам сябе дыскрэдытаваў. Стаўшы на шлях здрады нацыянальным інтарэсам, гэтая ўлада страціла легітымнасьць і маральнае права ўзначальваць украінскі народ. Людзі, якія зайшлі ва ўладныя кабінэты ў крыві патрыётаў, хутка забыліся ўсё, што абяцалі на Майдане. Татальная карупцыя, якая вядзе да галечы, стала візытоўкай дзеючай улады. Псэўдарэформы завялі ўкраінскі народ у галечу і безвыходнасьць, а люстрацыя вырадзілася ў ператасоўкі старых карупцыйных кадраў», - гаворыцца ў заяве «Правага сэктару».

Як удакладніў прадстаўнік «Правага сэктару» Арцём Скарападзкі, 21 ліпеня вечу папярэднічае надзвычайны зьезд арганізацыі. «Безумоўна, мы будзем патрабаваць і адстаўкі Пятра Парашэнкі, і роспуску Вярхоўнай Рады. Але перад гэтым народным вечам будзе раніцай пазачарговы зьезд ваенна-палітычнага руху „Правы сэктар“. Мы параімся аб нашых далейшых плянах», — распавёў Скарападзкі.

Адносіны паміж уладай і «Правым сэктарам» абвастрыліся пасьля інцыдэнту 11 ліпеня ў Мукачаве на Закарпацьці. Паміж байцамі «Правага сэктару» і міліцыянтамі, і, паводле некаторых паведамленьняў, ахоўнікамі структураў народнага дэпутата Міхаіла Ланё адбылася перастрэлка. У выніку яе загінулі як найменей два чалавекі, каля паўтара дзясятка былі параненыя. У сувязі з падзеямі ў Мукачаве праваахоўнікі распачалі чатыры крымінальныя справы паводле артыкулаў «стварэньне злачыннай арганізацыі», «тэрарыстычны акт», «незаконнае нашэньне зброі» і «хуліганства». «Правы сэктар» вінаваціць дзеючую ўладу ў «перасьледзе патрыётаў, барацьбе з добраахвотніцкім і валанцёрскім рухам».

Арцём Скарападзкі, камэнтуючы папрокі крытыкаў «Правага сэктару», адзначыў, што тры чвэрці байцоў руху ваявалі або ваююць на Данбасе, адстойваючы тэрытарыяльную цэласьць Украіны. «Хай яны самі спачатку паваююць, а ўжо потым дыктуюць. На ўсходзе стаім мы, а не ўсе тыя прайдзісьветы, авантурысты, якія едуць туды фатаграфавацца, здымаць сэлфі, а потым распавядаць па тэлевізары, якія яны там франтавікі», — сказаў Арцём Скарападзкі. Са свайго боку, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля інцыдэнту ў Мукачаве адзначаў, што ўсе незаконныя ўзброеныя фармаваньні ва Ўкраіне павінны скласьці зброю. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што абвастрэньне становішча ў Данбасе ў апошнія тыдні відавочна сынхранізуецца з спробамі дэстабілізаваць сытуацыю ўнутры Ўкраіны.

«Гэта сцэнар Крамля відавочна. Сьвядома ці ўсьляпую ў ім удзельнічаюць некаторыя нашыя патрыёты — мне ўсё роўна. Незалежна ад іх матывацыі, як гарант Канстытуцыі, правоў і свабодаў грамадзянаў, я павінен распаленым жалезам выпаліць такую зьяву, як незаконныя ўзброеныя фармаваньні», — сказаў кіраўнік дзяржавы, прадстаўляючы ў Закарпацьці новага кіраўніка вобласьці Генадзя Маскаля. Пра гэта самае Пятро Парашэнка заявіў і на пасяджэньні Ваеннага кабінэту Рады бясьпекі Ўкраіны. Таксама, на думку прэзыдэнта, гісторыя ў Мукачаве нанесла значную шкоду міжнароднаму іміджу Ўкраіны. Камандзір батальёну «Кіеў-2» Багдан Вайцяхоўскі ў камэнтары Радыё Свабода асудзіў намер «Правага сэктару» правесьці веча ў Кіеве. «Я таксама гэтай уладай незадаволены. Але цяпер — ня час. Мы можам страціць краіну», — сказаў ён.

XS
SM
MD
LG