Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шульган і Канавальчык адмовіліся прыйсьці ў міліцыю на вуснае запрашэньне


Юры Шульган

Юры Шульган

Раніцай 21 ліпеня менскі беспрацоўны Юры Шульган, які зьбіраўся вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта, і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Павал Канавальчык адмовіліся ісьці ў Маскоўскі РУУС, куды іх запрасілі міліцыянты, каб прызначыць пакараньне паводле пратаколу аб зьяўленьні ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане.

«Запрашэньне прыйсьці ў міліцыю нам перадавалі вусна, рабілі гэта асобы, якія на гэта не ўпаўнаважаныя. Мы параіліся з адвакатам і вырашылі дзейнічаць паводле закону: калі будзе пісьмовая позва, тады і пойдзем», — паведаміў карэспандэнту Свабоды Павал Канавальчык.

Павал Канавальчык

Павал Канавальчык

​Напярэдадні, 20 ліпеня, Юрыю Шульгану і Паўлу Канавальчыку Маскоўскі раённы суд прысудзіў штраф у 30 базавых велічынь кожнаму. Судзьдзя Тацяна Матыль прызнала іх вінаватымі ў брыдкаслоўі ў памяшканьні ЦВК. Паводле сьведак-міліцыянтаў, 17 ліпеня падчас рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Юры Шульган і Павал Канавальчык нібыта брыдкасловілі. Суд палічыў гэта хуліганствам. Юры Шульган і Павал Канавальчык аспрэчвалі словы міліцыянтаў і прасілі суд прагледзець відэа, зьнятае аховай ЦВК, але суд гэтага не зрабіў.

На Юрыя Шульгана і Паўла Канавальчыка міліцыянты склалі яшчэ два пратаколы — нібыта за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Гэтыя пратаколы павінны былі разглядаць сёньня ў Маскоўскім РУУС. Паводле пратаколу на Юрыя Шульгана, ён «хістаўся з боку ў бок і ад яго пахла алькаголем». У пратаколах напісана, што ў Юрыя Шульгана ў крыві было 0,8 праміле алькаголю, у Паўла Канавальчыка — 1,8 праміле. Актывісты гэта адмаўляюць і кажуць пра фальсыфікацыю з боку міліцыянтаў. Журналісты, якія 17 ліпеня размаўлялі праз тэлефон з Паўлам Канавальчыкам пасьля яго затрыманьня, кажуць, што суразмоўца быў у нармальным стане.

Паводле закону пратакол аб знаходжаньні грамадзяніна ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы можа быць разгледжаны ў РУУС, кіраўніцтва якога мае права вызначыцца наконт пакараньня. За такое адміністрацыйнае парушэньне прадугледжаныя толькі грашовыя штрафы.

Мянчук Юры Шульган меў пляны зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу і зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта, але быў затрыманы «невядомымі ў цывільным» на падыходзе да ЦВК і страціў магчымасьць рэгістрацыі.

20 ліпеня ў Маскоўскім раённым судзе Юры Шульган сказаў журналістам пра сваё затрыманьне:

«Яны спужаліся, што я стану моцным канкурэнтам Аляксандру Лукашэнку, паколькі мог бы аб’яднаць электарат, які супроць закону аб дармаедах».

Учорашнія пакараньні штрафам за нецэнзурную лаянку Юры Шульган і Павал Канавальчык зьбіраюцца абскардзіць.

XS
SM
MD
LG