Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Эўропа, зьмірыўшыся зь беларускім рэжымам, перадае Беларусь ва ўласнасьць Расеі


Пра гэта гаворыцца ў заяве лідэра стваранага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі».

«Такая сёньня эўрапейская realpolitic. Так, можна гэта зразумець (вайна ва Ўкраіне, асьцярогі за мір у Эўропе і г. д.), але нельга гэта прыняць» — цытуе БелаПАН заяву палітыка.

Някляеў абураны фактам удзелу кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай, якая ўваходзіць «у сьпіс злачынцаў, беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу», у канфэрэнцыі АБСЭ, прысьвечанай ацэнцы міжнародных стандартаў і абавязацельстваў для правядзеньня свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў. Канфэрэнцыя праходзіла 20 ліпеня ў Вене. Як падкрэсьлівае палітык, менавіта ў гэты дзень Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы палітвязьня Міколы Статкевіча, чым, па словах Някляева, «груба парушыў правы грамадзянаў на такую ініцыятыву, на іх волевыяўленьне, што ўжо ў самым пачатку выбараў ставіць пад сумнеў легітымнасьць ўсяго выбарчага працэсу».

«Гэта не парадокс. Гэта цынізм. І ня толькі палітычны, але і, беручы пад увагу лёсы беларускіх палітвязьняў, цынізм чалавечы, — лічыць Някляеў. — Зразумела, Эўропа нічога нам не павінная. Ці мы самі захаваем, адстаім сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць — ці ніхто. Але ў палітыцы павінна быць нейкая пасьлядоўнасьць. Прынцыпы. У тым ліку маральныя, аб якіх у Эўропе столькі размоваў».

Някляеў лічыць, што ў сытуацыі, якая склалася, вінаватая ня толькі Эўропа. «Калі б сярод кандыдатаў у прэзыдэнты не было прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, Ярмошынай не было б у Эўропе. Яе не было б і ў тым выпадку, калі б апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата. Тады Эўропа ведала б, зь кім мець справу. Але апазыцыя, гуляючы у свае дробязныя гульні, моцна падгуляла рэжыму — і Эўропа вырашыла мець справу зь ім », - адзначыў ён. На думку Някляева, «гэта азначае кансэрвацыю рэжыму, няздольнага адказваць сучасным выклікам».

«Гэта азначае немагчымасьць дэмакратычных пераўтварэньняў, палітычных і эканамічных рэформаў. І ў рэшце гэта азначае паглынаньне беларускага сьвету рускім сьветам, страту шанцаў на эўрапейскае разьвіцьцё. Не назаўжды, гэтыя шанцы ізноў зьявяцца пасьля чарговай рэвалюцыйнай або сацыяльнай катастрофы ў Расеі, але цяпер рызыка іх страціць значна вышэй, чым магчымасьць захаваць » - заявіў палітык. Ён лічыць, што эўрапейскія палітыкі атрымаюць наўзамен на ляяльнасьць да Аляксандра Лукашэнкі за яго «міратворчасьць» ў расейска-ўкраінскай вайне «расейскія танкі на самай мяжы з Эўразьвязам, расейскія самалёты, разгорнутую ў Беларусі сыстэму СПА, а беларуская апазыцыя — у лепшым выпадку нічога».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG