Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кодавае» рашэньне Рэчыцкага райвыканкаму, альбо Не зьбірайце подпісы каля вайсковай часткі, якой няма


Валер Пуціцкі
Валер Пуціцкі

На Гомельшчыне раённыя выканаўчыя камітэты вызначылі месцы збору подпісаў выбарцаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Рашэньні будуць дзейнічаць з 23 ліпеня да 21 жніўня.

Афіцыйныя ідэолягі сталі распавядаць, што ў сёлетнюю выбарчую кампанію ініцыятыўныя групы атрымалі больш магчымасьцяў дзеля гэтай справы, паколькі органы мясцовай улады дазволілі зьбіраць подпісы каля рынкаў і гандлёвых аб’ектаў, а таксама на прыпынках грамадзкага транспарту.

Рэчыцкі райвыканкам у рашэньні № 1488 за 16 ліпеня, зьмешчаным на сайце, у тым ліку й газэты «Дняпровец», гэтым разам таксама ня згадвае пра забарону збору подпісаў каля гандлёвых крамаў ды рынкаў, а вось на прыпынках грамадзкага транспарту пікеты ў Рэчыцы ладзіць нельга — толькі на адлегласьці ня менш за 50 мэтраў.

У першапачатковым варыянце рэчыцкія чыноўнікі наагул напісалі, што нельга зьбіраць подпісы бліжэй за паўсотні мэтраў ад вайсковай часткі № 22403 Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Уважлівыя чытачы пачалі посьціць рашэньне ў сеціве і даваць на гэты конт зьдзеклівыя камэнтары.

Справа ў тым, што такой вайсковай часткі ўжо некалькі месяцаў не існуе ня толькі ў Рэчыцкім раёне, але і наагул у складзе Міністэрства абароны Беларусі. Яна рэарганізаваная ў адасоблены аддзел захоўваньня вайсковай часткі 52957. Пасьля сьмяшлівага камэнтару пост з рашэньнем зьнік з сайту. Зьявілася ўдакладненая вэрсія са зьмененай назвай вайсковай часткі.

Грамадзкі актывіст з Рэчыцы Валер Пуціцкі так камэнтуе перадвыбарчую мэтамарфозу:

Яны бяруць старыя паперы й пішуць так, як было. Зараз, праўда, падправілі, напісалі больш пашырана, удакладнілі нумар часткі, установы пералічылі. Пяць гадоў таму такога не было.

«Яны бяруць старыя паперы й пішуць так, як было. Зараз, праўда, падправілі, напісалі больш пашырана, удакладнілі нумар часткі, установы пералічылі. Пяць гадоў таму такога не было. Тады было напісана агульнымі словамі — нельга зьбіраць подпісы бліжэй за 50 мэтраў ад устаноў, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць тэрыторыі. Але пра вайсковую частку забыліся, якая яна ёсьць, што яна зьмяніла нумарацыю і наагул перастала быць часткаю. Такія ў нас чыноўнікі. Па-старому ўсё будзе й на выбарах — ня будзе ў нас ніякіх зьменаў».

Са словаў Пуціцкага, некаторыя жыхары Рэчыцы зьвярнулі ўвагу й на нумар рашэньня райвыканкаму — 1488. Засумняваліся, што столькі рашэньняў сёлета здолеў прыняць выканкам. Больш за тое, спалучэньне лічбаў добра вядомае ў гісторыі, як кодавы лёзунг белых нацыстаў: 14 — гэтулькі словаў у іх лёзунгу, а лічба 88 — код нацысцкага вітаньня.

Актывіст мяркуе, што гэта толькі недарэчнае супадзеньне і наўрад ці трэба тут шукаць нейкі падтэкст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG