Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прадставіла ў ААН свой праект рэзалюцыі па гібелі «Боінга»


Са словаў расейскага прадстаўніка пры ААН Віталя Чуркіна, Масква працягвае выступаць супраць стварэньня трыбуналу па гібелі пасажырскага «Боінга» ў Данбасе.

Расія прадставіла ў Радзе Бясьпекі ААН свой праект рэзалюцыі, якая тычыцца авіякатастрофы малайзійскага «Боінга» на ўсходзе Ўкраіны ў ліпені мінулага году.

Пра гэта паведаміў журналістам пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін. Ён падкрэсьліў, што Расея працягвае выступаць супраць стварэньня трыбуналу для крымінальнага перасьледу адказных за крушэньне. «Мы павінны прытрымлівацца Статуту ААН, міжнароднага права, прынятай раней рэзалюцыі аб правядзеньні расьсьледаваньня авіякатастрофы, і на аснове гэтага дзейнічаць так, як павінна паводзіць сябе Рада Бясьпекі», — заявіў Чуркін, словы якога прыводзяць расейскія агенцтвы.

Віталь Чуркін
Віталь Чуркін

Раней праект рэзалюцыі аб стварэньні трыбуналу па «Боінгу» ўнесла ў Раду Бясьпекі ААН Малайзія. Акрамя малайзійскіх уладаў ідэю падтрымліваюць Нідэрлянды, Аўстралія, Бэльгія і Ўкраіна.

Паводле асноўнай вэрсіі, самалёт быў зьбіты ў небе над Украінай ракетай. Нядаўна тэлекампанія CNN распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў чарнавым варыянце дакладу Рады Бясьпекі Нідэрляндаў, якія ўзначальваюць міжнароднае расьсьледаваньне, віна за гібель пасажырскага рэйсу ўскладаецца на прарасейскіх сэпаратыстаў.

У гутарцы з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў ідэю стварэньня міжнароднага трыбуналу па расьсьледаваньні гібелі «Боінга» на Данбасе «контрпрадуктыўнай і заўчаснай». Пуцін таксама заклікаў спыніць «укіды» ў СМІ розных вэрсій катастрофы і завяршыць аб’ектыўнае расьсьледаваньне трагедыі.

У выніку крушэньня самалёта 17 ліпеня 2014 загінулі 298 чалавек — усе, хто знаходзіўся на борце пасажыры і экіпаж. Большасьць ахвяр трагедыі — падданыя Нідэрляндаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG