Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да Адзінага Прэзыдэнта: «Прапаную замарозіць нашых грамадзян, каб мы шчасьліва пераспалі ліхалецьці»


Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

***

Адзіны і дарагі!

У кране няма гарачай вады, значыць, как гаварыцца, лета прыйшло і гарачыня такая, што глябальным пацяпленьнем нас не спалохаць, бо мы ўжо прывычныя.
Пасылаю вам ліст у дзьвюх частках, а вы потым зразумеце, чаму.

Частка 1.

Мала хто ведае, што Беларусь не зьяўляецца заняпаднымі задворкамі Эўропы, а ёсьць згусьцем элітных сховішчаў на выпадак усяленскага апакаліпсісу. Імя гэтым сховішчам — лядовыя палацы.

Здавалася б, нашто квітнее культ хакея ў нашай яшчэ нядаўна хакеязьненавіднай краіне? У якой галаве ўзьнікла жаданне выйсці ў каньках на Купальле ці Дажынкі? Менскае «Дынама» за саветамі вылучалася толькі ў футболе, пакуль іх клюшканосныя калегі дык увогуле не казалі носа з другой лігі.

А гандбол, а гімнастыка, ды іншыя спракавечна тутэйшыя віды спорту?

Адказ просты — гаворка не ідзе пра тое, што адбываецца на паверхні, куды нацэлены позіркі камэр і шматтысячнай публікі, і па якой самазадавольна гайсаюць дванаццаць малойчыкаў, уключна з судзейскай тройкай. Цымус адбываецца пад ільдом.

Мала хто ведае, што пад таўшчынёю вечназамёрзлай вады падрыхтаваныя маразільныя камэры на выпадак атамнай вайны ці дэмакратычных выбараў.

Тэхналягічныя інавацыі дваццаць першага стагодзьдзя дазваляюць хутка і лёгка самазамарозіцца, каб гэткім шчасьлівым манерам у анабіёзе перажыць усе катаклізмы.

Круглагадовы доступ да маразільных камэр закамуфляваны пад фізкультурна-масавыя чэмпіянаты па хакеі. Бясконцыя гульні, танцы на лёдзе, цырк-шмырк, каляды-шмаляды, на якіх у абавязковым прысутнічаюць усе высокія чыны зь Беларусі і замежжа.

Невыпадкова лёд у палацах не расстае круглы год.

А раскоша! Адкуль такія харомы — мармуровая абшыўка, металашукальныя рамкі, нікяляваныя клямкі, саўны, камэры захоўваньня? А буфэт, дзе хот-догаў і мінэралкі назапашана на тысячу гадоў наперад? Простыя людзі, надведнікі матчаў, ходзяць і дзівяцца, нашто нашаму чалавеку такая нестрыманасьць? У нас ужо ёсць мэтро. А калі захочацца на мармуры пад’есьці або чарку падняць, дык у нашым распараджэньні заўжды ёсьць могілкі.

Невыпадкова, што кожны раз выстаўляецца міліцэйскае ачапленьне па пэрымэтры катка — каб у выпадку забурэньняў не дапусьціць самавольнага ўвінчваньня простай публікі пад лёд.

Гэтак наша краіна у руках рэжыму ператвараецца ў Антаркціду, хаця на Брэстчыне маглі б ужо гадавацца ананасы і пасьвіцца жырафы.

Частка 2.

Дарагі прэзыдэнт! Гэта дакладная сьпярша рыхтавалася ў форме заметкі для амэрыканскага радыё «Голас Свабоды», але там яе дэманстатыўна не прынялі.

Сёння я разумею прычыну. Бо яны таксама ходзяць на хакей, робячы там свае рэпартажыкі. Туляцца бліжэй да райскай кармушкі з маразільнымі ўстаноўкамі, гэтак спадзеючыся падоўжыць сваю каштоўную жытку ў выпадку раптоўнага атамнага ўдару.

Дарагі прэзыдэнт! У 90-ыя наша краіна стаяла на раздарожжы: тэніс ці хакей.

Перакананы, даючы загад будаваць лядовыя палацы, вы найперш рупіліся пра будучыню нацыі.

Пасьля выбараў з адноўленым мандатам настане самы час рухацца далей.

Трэба толькі грошы, і таму я падумаў і прапаную:

1. Аб’яднаць мінстэрства юстыцыі, будаўніцтва зь Менскім заводам халадзільнікаў, каб на кожныя дванаццаць душ насельніцтва пабудаваць па лядовай кватэры, плюс адзін судзьдзя.

2. Далучыць абутковыя фабрыкі краіны да Жлобінскага мэталюргічнага камбінату, каб увесь абутак з хатнімі шлёпкамі ўключна выпускаўся адразу з канькамі.

3. Аб’яднаць міністэрства лясной гаспадаркі з Бабруйскім шынным камбінатам для бесьперабойнага выпуску клюшак з шайбамі.

Ёсьць у мяне і іншыя прапановы, як далей заашчадзіць, напрыклад, на ежы: замарозіць нашых грамадзян, каб мы шчасьліва пераспалі ліхалецьці і няўраджай у лядовых палацах і гадоў праз дваццаць узышлі на сусьветнае панаваньне.

Таксама была б эканомія на форме для міліцыі і шмат чым яшчэ, але галоўнае — пачаць, а там пабачым.

І.С., апэратар лядовага катка

П. С. І пакарайце таксама «Голас Свабоды»!

***

Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG