Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крыху больш як паўгода таму ўступіў у сілу дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб неадкладных захадах па процідзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў». Згодна з дэкрэтам узмацняецца крымінальная адказнасьць за злачынствы, зьвязаныя з распаўсюдам наркотыкаў: максымальны тэрмін пакараньня павысіўся да 25 гадоў пазбаўленьня волі, а ўзрост крымінальнай адказнасьці за збыт наркотыкаў зьнізіўся з 16 да 14 гадоў. Таксама створана Адзіная сыстэма ўліку асобаў, якія спажываюць наркотыкі. Ці ёсьць ужо вынікі?

На пачатку 2014 году Беларусь ускалыхнуў цэлы шэраг выпадкаў, калі маладыя пасьпяховыя людзі пад узьдзеяньнем спайсаў выскоквалі з вокнаў, разьбіваліся насьмерць, выразалі вочы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, зь перадазіроўкай спайсаў былі шпіталізаваныя больш за 110 чалавек, 26 зь іх так і не ўдалося выратаваць. Усяго ў 2014 годзе ў Беларусі памерла 257 нарказалежных. У 2014 годзе органамі ўнутраных спраў выяўлена 7319 злачынстваў, зьвязаных зь незаконным абаротам наркотыкаў, псыхатропных рэчываў, іх аналягаў і прэкурсораў. Рост у параўнаньні з 2013 годам — больш як на 46%.

Дакладнай афіцыйнай статыстыкі, ці ёсьць зьніжэньне злачыннасьці ў сувязі з прыняцьцем дэкрэту, пакуль няма, вынікі будуць падводзіцца толькі пры канцы году, кажуць і супрацоўнікі праваахоўных органаў, і лекары-нарколягі.

Судзьдзя аднаго са сталічных судоў кажа, што амаль палова крымінальных спраў, якія яна разглядае, зьвязаныя з наркотыкамі, і зьніжэньня яна не назірае:

«Нельга сказаць, што колькасьць спраў рэзка зьменшылася, не. Тэндэнцыя трывожная пакуль. Шмат спраў разглядаем, шмат. Яшчэ няма дакладнай статыстыкі, толькі паўгода прайшло пасьля прыняцьця дэкрэту. Але спраў стала больш, чым раней. Асабліва што да псыхатропных рэчываў, курыльных сумесяў і спайсаў. Раней больш спраў было па наркотыках звычайных, расьлінных, а цяпер — па псыхатропах, курыльных сумесях і спайсах. Я асабіста лічу, што так рэзка ня можа наступіць зьніжэньне. Вядома, павінна быць менш, безумоўна, таму што і тэрміны вялікія, адказнасьць павялічылася. Але пакуль не магу сказаць».

Спраў стала больш, чым раней. Асабліва што да псыхатропных рэчываў, курыльных сумесяў і спайсаў

Крымінальная адказнасьць за збыт наркотыкаў цяпер наступае ў 14 гадоў. Але і гэта ня надта палохае падлеткаў. Начальнік аддзелу арганізацыі працы інспэкцыяў па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Віталі Янчын кажа, што па выніках першых чатырох месяцаў 2015 году тэмпы росту нарказлачыннасьці сярод непаўналетніх удалося зьнізіць у два з паловай разы:

«Але на сёньняшні дзень, на жаль, рост усё адно значны — 65% нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх. Дарэчы, доля менавіта курыльных сумесяў сярод усіх нарказлачынстваў з удзелам непаўналетніх у параўнаньні зь мінулым годам павялічылася і складае ўжо амаль 90%. Так што рост падлеткавай злачыннасьці, складаная апэратыўная абстаноўка, на жаль, не дазваляюць канстатаваць, што сытуацыя стабільная. Рост складае 18%».

Такім чынам, павялічылася колькасьць злачынстваў, якія ўчынілі непаўналетнія ў стане наркатычнага ўзбуджэньня. А колькасьць тых, хто жадае лячыцца ў спэцыялізаваных аддзяленьнях, рэзка зьменшылася. Калі раней у спэцыялізаваныя аддзяленьні РНПЦ псыхічнага здароўя былі чэргі, то цяпер іх няма. Можа, напалохалі жудасныя сьмяротныя выпадкі?

Галоўны спэцыяліст-нарколяг РНПЦ псыхічнага здароўя Ўладзімер Максімчук кажа:

«Гэта напалохала, але і прымусіла зрабіць шэраг захадаў: гэта і дэкрэт, і пашыраны сьпіс забароненых наркатычных рэчываў. Калі энэргічна зрабілі захады, стала менш паступаць з атручэньнямі спайсамі. Усё ж такі спрацоўваюць гэтыя захады. Створаны банк дадзеных, адзіная картатэка спажыўцоў па ўсёй краіне на базе нашага цэнтру. І, вядома, вялікая тлумачальная праца, людзі сталі больш асьцярожнымі. Цяпер няма такіх надзвычайных выпадкаў. Хоць, вядома, расслабляцца нельга».

Раней у РНПЦ псыхічнага здароўя лячыцца можна было ананімна, але цяпер, з увядзеньнем адзінай сыстэмы ўліку, усе зьвесткі пра нарказалежных перадаюцца ў МУС

Раней у РНПЦ псыхічнага здароўя лячыцца можна было ананімна, але цяпер, з увядзеньнем адзінай сыстэмы ўліку, усе зьвесткі пра нарказалежных перадаюцца ў МУС. Пастаноўка на ўлік асобаў, якія спажываюць наркотыкі, на практыцы азначае для людзей праблемы з працай і вучобай, паступленьнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы, атрыманьнем пасьведчаньня кіроўцы і іншыя непрыемнасьці. У такой сытуацыі зьвяртацца па дапамогу нават да мэдыкаў людзі ня хочуць.

Нарколяг Уладзімер Максімчук кажа, што дакладнай статыстыкі, як паўплываў дэкрэт на колькасьць пацыентаў лекараў-нарколягаў, пакуль няма:

«Пакуль толькі паўгода прайшло, аналізуем дадзеныя. Трэба яшчэ інфармацыю ўзяць ад таксыколягаў, да іх таксама паступалі пацыенты з атручэньнямі. Але і таксыколягі кажуць, што менш стала. Вось такіх вострых выпадкаў, як летась, сёлета стала менш, дакладна. Тут цяжка сказаць, што паўплывала. Усе разам захады паўплывалі. Хтосьці скажа, што пакараньне занадта суровае ў нас, але што зробіш. Затое своечасова зрабілі захады, не далі разрасьціся. А калі б пусьцілі ўсё на самацёк, усё б так і працягвалася. А тут знайшлі наркатычныя рэчывы — ужо нясеш крымінальную адказнасьць».

Самае жорсткае пакараньне цяпер — за распаўсюд наркотыкаў. Судзьдзя, якая часьцяком выносіць прысуды распаўсюднікам наркотыкаў, распавяла пра тэрміны:

«Першым разам за распаўсюд, калі нармальны чалавек, які ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, то гадоў 10 атрымлівае, а калі прыцягваўся — то гадоў 12. У залежнасьці ад асобы, ад колькасьці рэчыва — у аднаго знайшлі 5 грамаў на рэалізацыю, а ў другога знайшлі 70 грамаў псыхатропнага рэчыва на рэалізацыю. Гэта колькі можна „паваліць“ людзей — разьдзяліце 70 грамаў на „дозу“ ў 0,05 грама! Многія фактары ўплываюць на пакараньне».

І хоць усе адмыслоўцы кажуць, што рана падводзіць вынікі, як дзейнічае дэкрэт, асаблівых пазытыўных зрухаў пакуль яны не адзначаюць.

XS
SM
MD
LG