Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія абаронцы Курапатаў прайгралі суд супраць адміністрацыі Менскага раёну


«Бульбаш-хол» каля Курапатаў

«Бульбаш-хол» каля Курапатаў

Судзьдзя Фрунзенскага раёну Менску Аляксандар Кузьміч адмовіў групе грамадзян у задавальненьні пазову адносна кіраўніцтва адміністрацыі Менскага раёну.

Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка і Марат Гаравы прасілі прызнаць незаконнымі дзеяньні кіраўніцтва Менскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша паводле шэрагу пунктаў Грамадзянскага кодэксу. Адзін з заяўнікаў пазову Марат Гаравы паведаміў Свабодзе:

Марат Гаравы

Марат Гаравы

«З мэдыяў мы даведаліся, што так званы забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол» каля Курапатаў неўзабаве мае распачаць працу. Таму 20 траўня мы зьвярнуліся ў Менскі райвыканкам з просьбай дазволіць правесьці пікет пры ўваходзе ў «Бульбаш-хол».

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.

У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.

Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.

Мэтай яго правядзеньня было выказаць пратэст супраць незаконнай дзейнасьці гаспадароў «Бульбаш-холу» і ўладаў адносна ахоўнай зоны Курапатаў. Мы меліся правесьці пікет 4 чэрвеня з 15:00 да 17:00 і хацелі выйсьці з плякатамі, якія выказваюць абурэньне дзеяньнямі забудоўнікаў і ўладаў адносна Курапатаў.

Аднак за гадзіну да пікетаваньня мне ўручылі ліст з адміністрацыі Менскага райвыканкаму, падпісаны старшынём Пятром Ярмашам, дзе было напісана пра забарону пікетаваньня. Пётар Ярмаш спаслаўся на рашэньне Менскага райвыканкаму ад 2012 году, якім вызначаныя два месцы ў Менскім раёне для правядзеньня мітынгаў і пікетаў — гэта два стадыёны вясковых школ.

Мы ж зыходзім з Канстытуцыі і закону «Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў» Рэспублікі Беларусь, якія даюць нам права на правядзеньне пікетаваньня ў выбраным намі месцы і абавязваюць органы мясцовай улады стварыць умовы для рэалізацыі гэтага нашага права. Мы таксама прапаноўвалі адміністрацыі Менскага раёну ўзгадніць час і месца правядзеньня пікету, аднак такога абмеркаваньня нам ніхто не прапанаваў.

Такім чынам, раённыя ўлады зрабілі ўсё, каб мы не рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права. Таму мы прасілі суд прызнаць незаконнымі і неправамернымі дзеяньні адміністрацыі Менскага раёну і старшыні Пятра Ярмаша адносна забароны правядзеньня пікету, а таксама прасілі прызнаць незаконным вызначэньне пэўных месцаў для правядзеньня пікетаў, незаконным патрабаваньне заключаць дамовы з пажарнымі службамі — усяго шэсьць пунктаў. Таксама прасілі суд абавязаць адміністрацыю Менскага раёну прызначыць новы тэрмін правядзеньня пікету.

Аднак судзьдзя Аляксандар Кузьміч цалкам падтрымаў пазыцыю дзяржавы, не зважаючы, у тым ліку, на шматлікія парушэньні працэсуальных нормаў. Мы мяркуем, што для гэтага судзьдзі, які цяпер займае пасаду намесьніка старшыні, не існуе законаў, а галоўнае — уздым па кар’ернай лесьвіцы«.

Як паведаміў Марат Гаравы, шмат непаразуменьняў было і падчас судовага працэсу: заяўнікам паведамлялі пра паседжаньне праз тэлефон у дзень яго правядзеньня, затым прызначалі новы тэрмін, некалькі разоў зьмянялі месца правядзеньня. Актывісты мяркуюць, што гэткім чынам былі прынятыя меры, каб удзел у судовым паседжаньні прыняло як найменш людзей.

Як паведаміў яшчэ адзін заяўнік пазову Вінцук Вячорка, рашэньне суду Фрунзенскага раёну аб адмове ў задавальненьні пазову яны будуць абскарджваць у Менскім гарадзкім судзе:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«У гэтым ёсьць некалькі матываў. Па-першае, усе справы вакол Курапатаў не павінны даваць уладам спакою. Яны б хацелі, каб было маўчаньне вакол захопу ўсё новых і новых земляў вакол Курапатаў, вакол пабудовы там аб’ектаў, якія супярэчаць духу гэтай мясьціны — маю на ўвазе „Бульбаш-хол“.

Нельга таксама, каб улада пачувалася спакойна, адмаўляючы грамадзянам раз за разам у натуральных, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі правах. Мясцовыя выканкамы, у тым ліку Менскі раённы, паціху прынялі рашэньні, пра якія шырокая грамадзкасьць ня ведае, якімі фактычна звузілі да нуля і так марную магчымасьць праводзіць пікеты, акцыі пратэсту і гэтак далей, паўводзіўшы дадатковыя абмежаваньні. Да прыкладу, дамовы з пажарнікамі альбо міліцыяй, мэдыкамі і гэтак далей. Хаця з чаго б яны заключалі з намі такія пагадненьні, калі згоды райвыканкаму няма?

Ну, і былі абсалютна відавочныя парушэньні: нам паведамілі пра забарону за гадзіну да пікету. Гэта відавочнае і нахабнае парушэньне, аднак яно засталося беспакараным. Нельга маўчаць, трэба праходзіць усе гэтыя прыступкі хаця б дзеля таго, каб варушыліся».

Актывісты таксама паведамілі, што пікет супраць незаконнай дзейнасьці забудоўнікаў і ўладаў адносна ўрочышча Курапаты меўся складацца зь дзьвюх частак: 4 чэрвеня з 13:00 да 17:00 ён меўся адбыцца пры ўваходзе ў «Бульбаш-хол», а з 17:00 да 19:00 — пры ўваходзе ў гандлёвы комплекс «Бігз», што на рынку «Экспабел».

Заяўнікі другой часткі пікету — археоляг Валянціна Вяргей, грамадзкі актывіст Алесь Макаў, старшыня «Хрысьціянскай злучнасьці „Курапаты“» Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Зінаіда Тарасевіч.

XS
SM
MD
LG