Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: «Нават калі будзе абраны іншы чалавек, працаваць будуць людзі, якія цяпер працуюць»


Дзейны кіраўнік Беларусі лічыць, што падчас выбарчай кампаніі неабходна пазьбягаць папулізму, не абяцаючы людзям нічога лішняга, не падманваючы іх. Аб гэтым ён заявіў сёньня падчас сустрэчы са старшынёй палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам, перадае БЕЛТА.

Лукашэнка заклікаў дэпутатаў у часе выбарчай кампаніі актывізаваць работу ў акругах. Паводле яго слоў, дэпутатам неабходна падключыцца да прэзыдэнцкіх выбараў.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаваньне, што ў гэты пэрыяд будзе нямала «розных выпадаў на адрас дзяржавы». «Дэпутаты — людзі дасьведчаныя, гэта палітычна актыўныя людзі, неабходна, каб яны растлумачвалі сваім выбаршчыкам тыя ці іншыя складаныя моманты або прапановы нашых апанэнтаў», — лічыць кіраўнік дзяржавы. «У прэзыдэнцкія выбары ўсе вельмі шмат абяцаюць, але выконваць давядзецца таму, хто будзе выбраны, — працягнуў ён. — Я ўпэўнены, што нават калі будзе выбраны іншы чалавек, працаваць будуць людзі, якія цяпер працуюць. Яны ж зь неба ня зваляцца — спэцыялісты і дзяржслужбоўцы. Многія застануцца працаваць, нават калі прыйдзе да ўлады хтосьці іншы і можа нават апазыцыйны».

Лукашэнка падкрэсьліў, што беларусы ня з тых людзей, якіх можна падмануць перадвыбарнымі абяцаньнямі. «Ужо тут, як у народзе кажуць, локшыну на вушы не навесіш, але, тым ня менш, спрабаваць будуць. І дэпутат павінен быць тым чалавекам, які павінен зьберагчы нашае грамадзтва ад залішніх надзей на тое, што іх нехта азалоціць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG