Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл заклікаў не палітызаваць паняцьце «русский мир»

абноўлена

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заклікаў не палітызаваць паняцьце «русского мира» і не атаясамляць яго выключна з Расеяй, паколькі, на яго думку, «русский мир» — гэта ўся ўсходнеславянская цывілізацыя, паведамляе ў панядзелак, 20 ліпеня, патрыяршая прэсавая служба.

«На жаль, нашы праціўнікі выкарыстоўваюць словы „русский мир“ як нейкі жупел, як пудзіла, заяўляючы, быццам гэта нейкая дактрына, якая служыць выключна зьнешнепалітычным інтарэсам Расейскай Фэдэрацыі. Аднак няма нічога больш далёкага ад ісьціны, чым атаясамляць русский мир выключна з Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў патрыярх на ўрачыстым прыёме ў Троіца-Сергіевай лаўры.

На думку кіраўніка праваслаўнай царквы, «русский мир» — гэта сыстэма каштоўнасьцяў, якая ўвайшла ў побыт разам з хрышчэньнем Русі і аб’ядноўвае Расею, Беларусь і Ўкраіну.

Супраць ідэй «русского мира» выступае Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату.

На думку кіраўніка УПЦ КП Філарэта, у канцэпцыі «русского мира», якую прасоўвае патрыярх Кірыл, крыецца імпэрская ідэя пазбаўленьня Ўкраіны яе дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

У красавіку гэтага года прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама заяўляў пра важнасьць незалежнасьці краіны, у тым ліку, і ад «русского мира.

«Русский мир — гэта не пра нас. Мы рускія людзі, але гэта ня значыць, што мы расейцы. Мы — беларусы. Дазвольце нам мець свой пункт гледжаньня на сьвет» — казаў кіраўнік Беларусі. Па адным з азначэньняў, «русский мир» — гэта канцэпцыя міжнароднай супольнасьці, якая аб’ядноўвае людзей, якія маюць дачыненьне да рускай мовы і культуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG