Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што Селязьнёў атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Скарыны?


Некалькі эпізодаў з гісторыі Беларусі, да якіх памерлы экс-сьпікер Дзярждумы Расеі Генадзь Селязьнёў меў непасрэднае дачыненьне.

У Маскве на 68-м годзе памёр экс-сьпікер Дзярждумы Генадзь Селязьнёў. Пра гэта ў нядзелю ўвечары, 19 ліпеня, паведаміў Інтэрфаксу зяць палітыка Андрэй Андрэеў.

Палітычная дзейнасьць Генадзя Селязьнёва ў пэўнай ступені зьвязаная з гісторыяй Беларусі.

Замяталін піша Селязьнёву

У жніўні 1995 году тагачасны начальнік галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Уладзімер Замяталін зьвярнуўся да тагачаснага намесьніка старшыні Дзярждумы РФ Генадзя Селязьнёва з заклікам утаймаваць расейскі друк. Паводле Замяталіна, расейскі друк абвясьціў тады «інфармацыйную вайну ў дачыненьні да ўсенародна абранага прэзыдэнта сувэрэннай Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — у шэрагу газэтаў адкрыта дыскрэдытуецца асоба кіраўніка Беларусі і яго палітыка». Замяталін папярэдзіў, што «калі адпаведныя дзяржструктуры РФ да падобных палітычных дзеяньняў пэўных СМІ будуць ставіцца зь недапушчальнай абыякавасьцю, беларускі бок будзе вымушаны разгледзець пытаньне аб скасаваньні дамоваў па распаўсюджваньні ў Беларусі пэўных пэрыядычных выданьняў».

Крамлёўскі дэсант

Генадзь Селязьнёў (разам з Чарнамырдзіным і Строевым) уваходзіў у так званы «крамлёускі дэсант», накіраваны у лістападзе 1996 Ельцыным у Менск «ратаваць Лукашэнку ад імпічмэнту». Пасьля гэтага быў распушчаны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Як лічыць Сяргей Навумчык, «гэта быў дзяржаўны пераварот». ​

Справа Шарамета

У 1997 годзе ў разгар «справы Шарамета» Генадзь Селязьнёў прыяжджаў у Менск і вёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам аб шляхах вырашэньня крызісу. Як паведамлялася, менавіта Селязьнёву Лукашэнка падчас канфлікту накіроўваў матэрыялы аб «антыбеларускай змове на ОРТ».

Ордэн Скарыны

У студзені 2001 году Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў старшыню Дзярждумы Расеі Генадзя Селязьнёва ордэнам Францішка Скарыны «за вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё і ўмацаваньне сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі Беларусі і Расеі».

У 2004 годзе Селязьнёў, тады ўжо — шэраговы дэпутат Дзярждумы, быў узнагароджаны ганаровай граматай Нацыянальнага сходу РБ «за заслугі ў разьвіцьці парлямэнтарызму і вялікі ўнёсак ва ўмацаваньне міждзяржаўных і міжпарлямэнцкіх сувязяў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG