Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якое пачнецца а 12-й гадзіне 20 ліпеня, чакаюць прысутнасьць 11 патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі альбо іх давераных асобаў.

Менавіта ў панядзелак ЦВК разгледзіць заявы аб рэгістрацыі іх ініцыятыўных груп. Пасьля гэтага і стане канчаткова вядома, хто з прэтэндэнтаў будзе зьбіраць подпісы выбарцаў за сваё вылучэньне.

Тое, што ня ўсе з патэнцыйных кандыдатаў пераадолеюць першы для сябе этап выбарчай кампаніі, можна прагназаваць беспамылкова. Возьмем для прыкладу Сяргея Заблоцкага. Ні ён, ні яго давераная асоба ў ЦВК ні разу не зьявіліся. А дакумэнты на рэгістрацыю прыйшлі у Цэнтарвыбаркам поштай. «Адно гэта можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі» — гаворыць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Ня змогуць зарэгістравацца і тыя патэнцыйныя прэтэндэнты, у каго ініцыятыўная група складае менш за 100 чалавек, паколькі мінімальны парог колькасьці спэцыяльна агавораны ў выбарчым заканадаўстве.

І сама Ярмошына, і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік неаднаразова публічна заяўлялі, што ня мае ніякіх шанцаў зарэгістравацца ў якасьці кандыдата удзельнік папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі палітвязень Мікалай Статкевіч. Прычына — ня зьнятая судзімасьць.

Такім чынам, выглядае, што як найменей тры прэтэндэнты атрымаюць сёньня адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп.

Для тых, хто пройдзе праз сіта рэгістрацыі ініцыятыўных груп, ад 23 ліпеня пачнецца новы этап. Гэта — збор як найменей 100 тысячаў подпісаў выбарцаў у падтрымку іх кандыдата. На гэта даецца 30 каляндарных дзён.

Досьвед папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў пераконвае, каб сабраць сто з гакам тысячаў подпісаў (яшчэ прыкладна 10 тысяч звычайна зьбіраюць на выбракоўку), трэба мець ініцыятыўную групу ў складзе адна тысяча і болей чалавек.

Аднак сёлета і гэтага будзе мала, — перакананы Павал Знавец, які зьбіраў подпісы на кожных з чатырох ранейшых выбараў, пачынаючы з 1994 году, калі спадар Знавец агітаваў беларусаў падпісвацца за Зянона Пазьняка:

«Што тычыцца сёлетняй кампаніі, то сабраць нават палову неабходнай колькасьці подпісаў ня зможа ніводзін кандыдат. Калі казаць пра Лукашэнку, то яму забясьпечаць неабходную колькасьць, у выканкамах расьпішуцца за яго загадным парадкам.

Зараз жа — мёртвы сэзон. Усе — у адпачынку, на лецішчах, на моры. І гэта яшчэ ў тры разы памяншае верагоднасьць таго, што нехта паставіць подпіс.

З тысячы чалавек, якія заяўленыя ў ініцыятыўнай групе, звычайна зьбіраюць подпісы чалавек сто. Астатнія альбо ганаровыя людзі, якія гэтым ня будуць займацца, альбо статысты. Калі апытаць чальцоў любой ініцыятыўнай групы, то высьветліцца, што значная частка людзей нават не здагадваецца, што яны ўваходзяць у групу.

Лукашэнка ператварыў выбары, а дакладней свае перавыбары, ў суцэльны фэйк».

Сёньня Цэнтарвыбаркам разгледзіць (у парадку паступленьня) заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў:

Андрэя Канаўца,
Тацяны Караткевіч,
Анатоля Лябедзькі,
Мікалая Статкевіча,
Жанны Раманоўскай,
Ірыны Першынай,
Сяргея Заблоцкага,
Тамары Біруковай,
Віктара Цярэшчанкі,
Мікалая Ўлаховіча,
Аляксандра Юдаева.

Раней ЦВК ўжо зарэгістраваў ініцыятыўныя групы
Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

XS
SM
MD
LG