Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у Празе зарэзаў латвійца з-за дзяўчыны і ўцёк


У чацьвер 16 ліпеня прыблізна ў 14:15 у крымінальную паліцыю г. Прагі (Чэхія) паступіла інфармацыя наконт інцыдэнту, які адбыўся паміж двума мужчынамі на аўтобусным прыпынку побач з аўтобусным вакзалам Флорэнц.

Адзін з удзельнікаў падчас сутычкі атрымаў раненьні, ад якіх на месцы падзеі загінуў. Другі пасьпеў уцячы яшчэ да прыезду паліцыі. Для яго вышуку былі задзейнічаныя паліцэйскія сабакі і верталёт, але безвынікова.

Загінулым аказаўся 34-гадовы грамадзянін Латвіі. Наконт другога ўдзельніка спачатку паведамлялася, што ён, хутчэй за усё, паходзіць з краіны былога СССР. Паводле сьведкаў, гэта мужчына ростам 185 см, спартовага целаскладу, яго твар і майка былі запэцканыя крывёй.

Спачатку чэскія мэдыі паведамлялі, што гаворка ідзе пра грамадзяніна Ўкраіны. Аднак у нядзелю ўвечары прэс-сакратар праскай крымінальнай паліцыі Томаш Гулан паведаміў, што падазраваным зьяўляецца 29-гадовы мужчына «беларускага паходжаньня» Аляксандар Астапчук. Паліцыя лічыць яго небясьпечным і папярэджвае, каб людзі не спрабавалі самі яго затрымаць.

Уся «трагічная разборка», як ахрысцілі інцыдэнт чэскія СМІ, адбылася з-за дзяўчыны, якая праходзіць па справе сьведкай. Некаторыя пасажыры на прыпынку ў чаканьні транспарту здымалі бойку на мабільныя тэлефоны і пляншэты. Забойства таксама зьняла здымачная група з Чэскага Тэлебачаньня, якая выпадкова здымала побач зь месцам трагедыі іншы рэпартаж.

Крысьціна Шыянок, паводле чэскіх СМІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG