Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што больш беларускае: чарніцы ці вішні? ФОТА


У мінулую суботу на Віцебшчыне прайшлі два «ягадныя» мерапрыемствы — «Полоцкая черника» і глыбоцкі «Вішнёвы фэст»

У мінулую суботу на Віцебшчыне прайшлі два «ягадныя» мерапрыемствы — «Полоцкая черника» і глыбоцкі «Вішнёвы фэст».

Ужо з назоваў зразумела: на радзіме першадрукара Скарыны фэст арыентаваны на расейскую мову, а ў Глыбокім усё-ткі імкнуцца надаць імпрэзе нацыянальны калярыт.

Чарнічныя пірагі ў Полацку

Экалягічны фэстываль «Полоцкая черника» праводзіцца ўжо 5-ты год, але сёлета ён стаў адметны конкурсам пірагоў — вядома, з чарніцамі. Конкурс быў названы «Пирог дружбы», і сутнасьць яго традыцыйная: арганізацыі і прадпрыемствы горада атрымалі заданьне напячы пірагоў і «абараніць» яго, прадставіўшы на суд журы нейкую міні-праграму. Конкурс дапамагалі судзіць і наведнікі сьвята: кожны мог аддаць свой голас за ўпадабаны ласунак, пазначыўшы адпаведны нумар на паперцы-квіточку.

Аматараў падтрымаць «пекараў» было шмат: было анасавана, што пасьля абходу журы пірагамі будуць частаваць усіх ахвотных. Праўда, напярэдадні абяцалі, што будзе сьпечаны агульны пірог даўжынёй ажно пад 200 мэтраў, а насамрэч каля помніка Скарыну на цэнтральнай плошчы горада проста паставілі сталы для раскладаньня пірагоў. Але гледачоў, ахвотных пакаштаваць чарнічныя ласункі, гэта не спыніла.

Пакуль журы разглядала ўзор кандытарскага мастацтва, палачане бавілі час у сквэры, дзе быў арганізаваны продаж сувэніраў, ды слухалі канцэрт мастацкай самадзейнасьці. А ўжо як пачалася дзяльба пірагоў, то да сталоў адразу ж утварыліся вялікія чэргі. Зрэшты, паласавацца ўдалося ўсім — няхай «агульная даўжыня» пірагоў, складзеных адзін за адным, сягала далёка не двухсот, а добра, каб 20-і мэтраў...

Вішнёвая згушчанка ў Глыбокім

«Вішнёвае» сьвята ў Глыбокім, у адрозьненьне ад Полацку, захапіла ня толькі цэнтральную плошчу — яно распаўсюдзілася на ўсё мястэчка. І доўжылася не адзін дзень, а ўвесь мінулы тыдзень. У праграме былі і канцэрты, і спартовыя спаборніцтвы, і інвэстыцыйны форум, і ўрачыстая рэгістрацыя шлюбаў «Вішнёвае вясельле», і шмат чаго іншага.

Кульмінацыяй сьвяткаваньняў сталіся суботнія імпрэзы — калі мясцовыя прадпрыемствы арганіавалі «падворкі» з пачастункам — дзе зь бясплатнымі прысмакамі, а дзе — за грошы. Прадавалася тут і славутая глыбоцкая «згушчанка» — зь вішнёвым напаўняльнікам «шэры-брэндзі», і прадукцыя падсьвільскіх вінаробаў, і «тэматычныя» кандытарскія вырабы.

І не сказаць, што паўсюдна, але адчувалася, што арганізатары і ўдзельнікі імкнуліся зрабіць «Вішнёвы фэст» беларускім — асабліва што да аздабленьня райцэнтру. І хоць такія імпрэзы сталі ў Глыбокім ужо штогадовымі — фэст праводзіцца ўжо трэці раз, глыбачане па-ранейшаму ставяцца да яго зь цікаўнасьцю і нават цеплынёй, як да чагосьці роднага.

Дарэчы, глыбоцкія актывісты якраз зьбіраюць подпісы за тое, каб адну з вуліц перайменаваць у гонар Баляслава Лапыра, дзеяча нацыянальнага адраджэньня 1920-30-х гадоў, а таксама агранома — ёсьць меркаваньне, што менавіта ём шляхам сэлекцыі вывеў некалькі гатункаў вішань, распаўсюджаных на Глыбоччыне.

Увогуле, «ягадныя» фэсты сталі своеасаблівай модай на Віцебшчыне. Так, у Мёрскім раёне праводзіцца экалягічны фэстываль «Журавы і журавіны», а «візытоўкай» Лёзна вырашана зрабіць суніцы — папулярызаваць паэтычнае-сьпеўнае сьвята «Песьні сунічных бароў».

XS
SM
MD
LG