Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачалі дэмантаж савецкіх скульптураў на Зялёным мосьце


19 ліпеня з раніцы на Зялёным мосце працуюць рабочыя. Распачатыя працы па дэмантажы савецкіх скульптураў.

Спэцыялісты неаднаразова канстатавалі, што скульптуры знаходзяцца ў аварыйным стане і ўяўляюць небясьпеку для мінакоў. Высновы найноўшай экспэртызы спэцыялістаў Віленскага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Гедыміна паказалі, што за апошнія 6 гадоў расколіны павялічыліся, і працэс паскорыўся.

Нестабільныя часткі скульптураў у любы момант могуць зваліцца на мінакоў або на набярэжную ракі. Паводле экспэртаў, калі будуць марудзіць, то ў будучыні з-за аварыйнага стану скульптуры складана будзе дэмантаваць.

Дэпартамэнт культурнай спадчыны дазволіў мэрыі часова зьняць скульптуры, каб іх можна было адрэстаўраваць, аднак са сьпісу культурных каштоўнасьцяў іх не выкрасьлілі.

Толькі калі іх выкрасьляць са сьпісу, скульптуры можна будзе не вяртаць на ранейшае месца. Пытаньне рэстаўрацыі скульптураў мэрыя будзе вырашаць пазьней.

Чатыры скульптуры — рабочых, сялян, студэнтаў і вайскоўцаў — зьявіліся на мосьце ў 1952 годзе. Крытыкі лічаць гэтыя скульптуры часткай савецкай прапаганды. На іх думку, скульптуры раняць людзей, якія змагаліся за вызваленьне Літвы. Тыя, хто выступае ў абарону скульптураў, называюць іх часткай гісторыі.

Delfi.lt, пераклад Нашай Нівы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG