Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вылучае апазыцыя прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі?


19 ліпеня — апошні дзень вылучэньня ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прадстаўнікоў партый, грамадзкіх арганізацыяў і працоўных калектываў. Вылучаць сябе могуць і асобныя грамадзяне праз падачу адмысловай заявы. Тэрытарыяльныя камісіі — гэта камісіі ў абласьцях і раёнах, якім належыць кантраляваць арганізацыю выбарчага працэсу. Фармавацца гэтыя камісіі будуць да 22 ліпеня ўключна.

Колькі прадстаўнікоў апазыцыйных партый вылучана у гэтыя камісіі?

У старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча ёсьць зьвесткі пра вылучэньне да 13 прадстаўнікоў партыі.

«У гэтыя камісіі трэба вылучаць толькі ад зарэгістраваных структураў, да таго ж за колькасьцю прадстаўнікоў у гэтыя камісіі мы ня гонімся. На дадзены момант мне вядома пра вылучэньне 11-13 чалавек. А вось ва ўчастковыя камісіі быдзем вылучаць сотні нашых прадстаўнікоў», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксаей Янукевіч.

Як паведаміў Свабодзе актывіст партыі БНФ Зьміцер Салошкін, прадстаўнікі партыі заяўленыя ў 10 тэрытарыяльных камісій.

Лідэр АГП і патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Анатоль Лябедзька патлумачыў пазыцыю партыі адносна вылучэньня прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі.

«Дакладнай лічбы нашых прадстаўнікоў у гэтыя камісіі не назаву, бо гэты ўлік не на першым месцы. Справа ў тым, што асноўныя фальсыфікацыі на выбарах у Беларусі робяцца на ўзроўні ўчастковых камісій, да якіх у нас будзе галоўная ўвага. А вылучэньне ў тэрытарыяльныя камісіі мы аддалі на водкуп нашым рэгіянальным страктурам, калі яны палічаць, што на гэта варта траціць сілы. Адзіную ўмову, якую паставіла кіраўніцтва партыі — гэта каб вылучалі самых дасьведчаных і аўтарытэтных нашых партыйцаў. Пазьней зьбярэм зьвесткі, каго і колькі вылучылі», — патлумачыў Анатоль Лябедзька.

Аляксандар Лукашэнка і Лідзія Ярмошына

Аляксандар Лукашэнка і Лідзія Ярмошына

19 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія праз інтэрнэт паведаміла пра рэгістрацыю чатырох назіральнікаў. Гэта Зьміцер Чарных ад БХК, Эдуард Нарышкін ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, Сяргей Пігараў ад грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» і Аляксандар Еўдакімчык ад Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Паводле выбарчага закону, вылучаць назіральнікаў пры ЦВК можа любая партыя ці грамадзкае аб’яднаньне, якія маюць рэгістрацыю.

Працягваецца працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатамі на прэзыдэнта. На сёньня ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы толькі трох грамадзянаў, якія выказалі намер змагацца за пасаду прэзыдэнта.

Гэта ініцыятыўныя групы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна і лідэра Беларускай лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Усяго ў ЦВК паступілі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ад 14 грамадзянаў. Чакаецца, што дакумэнты на рэгістрацыю астатніх ініцыятыўных груп будуць разгледжаныя заўтра, 20 ліпеня, паведамляе БелаПАН.

***

А што вы думаеце пра выбары? Выказвайцеся ў камэнтарах ці пішыце нам на пошту svaboda@rferl.org

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG