Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адбудоўвалі зруйнаваную Горадню пасьля вайны (унікальныя фота)


t-styl.info

t-styl.info

У ліпені 1944 года, 71 год таму, Горадня ляжала ў руінах. Бамбардаваньне горада нямецкай авіяцыяй у ноч на 22 чэрвеня 1941 г. прывяла да таго, што было зьнішчана каля 30% забудовы горада.

Назаўжды перасталі існаваць палац Радзівілаў, Сянны Рынак, гатэль Эўропа… Летам 1944 г. пад час ужо савецкага бамбардаваньня быў амаль разбураны чыгуначны вакзал.

Сэрыю фотаздымкаў апублікаваў на сайце Твой Стыль Андрэй Мяцельскі:

Панарама разбуранай Горадні, лета 1944 г.

Усё што засталося ад Сяннога рынка і забудовы вуліцы Мяшчанскай. Дамы зьлева захаваліся і маюць сёньня адрас вул. Сацыялістычная. 1944 г.

Горад трэба было адбудоўваць, але справа яго аднаўленьня цягнулася вельмі марудна. Перашкаджалі і недахоп сродкаў, і глябальныя пляны савецкіх архітэктараў, якія хацелі заляпіць горад будынінамі ў стылі сталінскага ампіру.

Таму аднаўляць пачалі з далейшых ад галоўнай плошчы вуліц, а пакуль дабраліся да Савецкай плошчы – прыйшоў канец 1950-х, калі моцна дэкараваць дамы было ўжо нямодна і непажадана. Гэта добра бачна па вул. Парыскай Камуны, калі спускацца да Савецкай плошчы. Чым бліжэй да плошчы, тым прасьцей пабудаваныя дамы.

Фота другой паловы 1950-х гг. з таго самага месца. Яшчэ няма гатэлю Нёман і бачныя задворкі будынкаў на Сацыялістычнай. Фантан таксама не захаваўся.

Сярод першых дамоў, узьведзеных пасьля вайны ў Гродне, былі дамы для рабочых тэкстыльнага камбінату на Падольнай. Каля 1950 г.

Трэба было таксама адбудаваць зьнішчаны на дзьве траціны чыгуначны вакзал. Яго зруйнуюць праз сорак гадоў.

Чыгуначны мост быў адноўлены толькі ў канцы 1940-х гг.

Сучасную маставую канструкцыю вайскоўцы нацягвалі на рэшткі старога моста пры дапамозе такіх вось лябёдак.

У пачатку 1960-х, толькі амаль праз дваццаць гадоў пасьля вайны, цэнтар горада збольшага набыў цяперашні выгляд.

Зьмянілася Вялікая Траецкая (тады Кашавога). На месцы былога Мяснога Рынку паўсталі такія інтэрнаты, а цяпер гэта банк.

Каля 1953 г. пачалі забудоўваць вуліцу Сьвярдлова.

Пасьля заканчэньня вуліца выглядала такім чынам. Фота 1955 г.

Толькі каля 1960 г. забудоўнікі дабраліся да Савецкай плошчы.

Паколькі дэкараваць дамы было забаронена адмысловым указам М. Хрушчова, то дамы на Савецкай плошчы выглядаюць бяднейшым чынам, чым забудова Сацыялістычнай ці Сьвярдлова.

Вось так павінен быў выглядаць Палац Тэкстыльнікаў. Але абышліся без гербоў і сьцягаў. Праект 1956 г.

XS
SM
MD
LG