Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніцтва: камень, адкінуты будаўнікамі


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Памятаю, калі нарадзіўся першынец, думалася: ну, праз шэсьць гадоў павінна ж нешта ў краіне зьмяніцца.

Але вось, сёлета ісьці нам у школу, а беларускамоўнай адукацыі як не было, так і няма. У кабінэце дырэктара пісалі заяву, «прашу прыняць... на беларускую ці рускую мову навучаньня (патрэбнае падкрэсьліць)». І з усяго мястэчка мы былі першыя, хто спытаўся пра беларускую клясу.

У пасёлка нашага – слаўныя традыцыі: сэнатар Аляксандар Уласаў трымаў тут беларускую гімназію, Ядвігін Ш. – аптэку, у мясцовым касьцёле хрысьцілі Янку Купалу і дабраслаўлялі шлюб бацькоў Антона і Яна Луцкевічаў, а зусім нядаўна памерла ўдава Браніслава Тарашкевіча, у гонар якога, непадалёк ад школы, названая вуліца. Тым ня менш, за бліжэйшай беларускай клясай дырэктарка паслала нас у суседняе мястэчка. Мабыць, там канцэнтрацыя беларушчыны яшчэ большая...

Сытуацыя сумная, хоць, зразумела, ня новая. Можна, канечне, пазмагацца і прайсьці, агітуючы за беларускую школу, па кватэрах тутэйшага пралетарыяту, рыхтык лірычны герой даўнішняга, аднак не састарэлага апавяданьня Андрэя Федарэнкі «Заява». З тым жа, прыкладна, несуцяшальным вынікам. Альбо ўперціся рогам і вазіць дзіцёнка штодзень трасучым аўтобусам за пятнаццаць кілямэтраў, выпрабоўваючы яго фізычнае й псыхічнае здароўе. Ці – пайсьці на новы кампраміс: даверыцца настаўніцам (настаўнікам) беларускае мовы, што яны дапамогуць сям’і ў выхаваньні нацыянальнага пачуцьця.

Не абы-якая пасада, дарэчы. Народны паэт Пімен Панчанка прысьвячаў ім вершы, а народны пісьменьнік Якуб Колас – цэлую трылёгію. Але цяпер пра настаўнікаў ня пішуць беларускія незалежныя СМІ, хоць, здавалася б, тэма незацяганая.

Можна, вядома, скрушна паківаць галавою, згадаўшы пра плянамерную русіфікацыю навучаньня, як гэта зрабіла нядаўна «Наша Ніва». Аднак у той жа аўтарытэтнай крыніцы, статыстычным зборніку «Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь, 2015», спасылкі на які ў газэтным матэрыяле чамусьці няма, у табліцы 3.23 зьмешчаная інфармацыя пра колькасьць выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры: 7465 чалавек. Як быццам, на ўсю Беларусь ня так шмат, але – сетка пакрывае ўсе вобласьці, гарады і раёны. Калі б існавала сталая цікавасьць да гэтых людзей, калі б былі яны арганічна зьвязаныя з культурніцкім беларускім рухам (як было гэта «за польскім часам»), а найлепш – калі б самаарганізаваліся яны ў свой рух, то неблагая была б ініцыятыўная група, з досьведам міжасобаснай камунікацыі, гарой знаёмстваў і, галоўнае, павагай сярод мясцовых.

З настаўнікамі-беларусістамі дзяржава ніяк ня зможа «разабрацца», каб і хацела: пакуль што ёсьць у Канстытуцыі такая дзяржаўная мова, а ў Кодэксе аб адукацыі вывучэньне беларускай мовы зьяўляецца абавязковым. Прадмет з праграмы ня выкінеш. Настаўнікаў не пазвальняеш – новыя прыйдуць. Аднак да апошняга часу беларускае настаўніцтва існуе ў сусьвеце, паралельным хоць якому грамадзкаму жыцьцю, і судакранаецца зь «беларускім аазісам» хіба толькі ладзячы раз-пораз у школах выступы беларускіх пісьменьнікаў. Тая самая паралельнасьць і на іншым баку: ці ёсьць кантакты не кажу ўсіх 7465 чалавек, а хаця б 10% ад гэтай лічбы, 746-ці, у культурніцкіх арганізацыях? Моцна сумняюся.

Урэшце, прыходзяць такія часы, калі кожны чалавек будзе на вагу золата. Беларускамоўная гарадзкая культура дэ юрэ знаходзіцца ў поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй і Кодэксам аб адукацыі. Дэ факта яна ў становішчы напаўлегальнай субкультуры, з пастаянным гвалтам і ўціскам – прыкладна такім, які на сабе адчуваюць сэксуальныя меншасьці.

Дастаткова раз зірнуць на клявішы банкаматаў, дзе тысячы беларусаў штодня абіраюць мову трансакцыі (насупраць «русский» кнопка сьцёртая да бляску), каб зразумець, што адпрэчваньне, адштурхоўваньне беларускага ідзе на аўтаматычным узроўні. Гэта ўжо зьява масавая, наступства «каштоўнаснай інфляцыі», паводле Барыса Дубіна. Зразумела, няблага было б, каб мова сталася моднай, пра што пісаў Сяргей Дубавец у сувязі з статыстычнымі лічбамі па сфэры адукацыі. Вельмі весела глядзець, як адкрываюцца па рэгіёнах моўныя курсы, як усё часьцей сустракаюцца ў горадзе «вышымайкі». Аднак і выкідаць з-пад увагі беларускае настаўніцтва, базавую мярэжу беларушчыны, было б памылкова.

А пакуль што так і ёсьць. І, акрамя стэрэатыпаў пра загнанасьць, затурканасьць, кампраміснасьць, беднасьць і, абавязкова, няздарнасьць настаўнікаў, у шырокі сьвет ніякай іншай інфармацыі не даходзіць. А тым часам менавіта яны, шараговыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, дзесяцігодзьдзямі штодня вучаць пісаць «жы/шы» праз «ы», штодня выкладаюць мову, зусім ужо далёкую для сучаснай гарадзкой моладзі – фактычна як замежную.

«Калі мы страцім беларускіх настаўніц –

Зьнікне і ўся беларуская нацыя», – пісаў Панчанка.

Калі б я й хацеў узьнікненьня якой моды – то адно толькі моды быць беларускім настаўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG