Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прыпісвае сабе перамогу ў Грунвальдзкай бітве


Ян Матэйка, карціна "Бітва пад Грунвальдам"
Ян Матэйка, карціна "Бітва пад Грунвальдам"

У Расеі на рэклямных экранах у грамадзкім транспарце зьявілася сацыяльная рэкляма, якая вызначае Грунвальдзкую бітву як расейскую вайсковую перамогу.

Раней расейскі сайт История России ўключыў Грунвальдзкую бітву ў сьпіс расейскіх вайсковых перамогаў.

На сайце паведамляецца, што ў польска-літоўскім войску былі 43 рускія харугвы і «найбольш надзейнай часткай літоўскага войска былі рускія палкі». Таксама паведамляецца, што тры смаленскія палкі, у адрозьненьне ад іншых атрадаў, «не адступілі, працягваючы змаганьне з крыжакамі» і — у адрозьненьне ад літоўскіх, якія адступілі, — «не далі крыжакам зайсьці ў тыл».

«История России» — гэта фэдэральны праект. А «Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства», створанае ўказам прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, павінна «супрацьдзейнічаць спробам скажэньня ваеннай гісторыі».

Паводле беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча, Расея ня мае ніякага дачыненьня да перамогі ў Грунвальдзкай бітве.

«Абсалютна ніякага дачыненьня ня мае. Наадварот, і ў ранейшыя часы, і ў тыя часы Маскоўскае княства ўступала ў саюз з крыжакамі, спрабавала дамовіцца і з імпэрыяй германскай, і з Тэўтонскім ордэнам супраць нас. То бок тады Масковія фармальна, псыхалягічна, па настроі, па мэнтальнасьці была на баку крыжакоў.

Вось гэтыя імпэрскія амбіцыі „при издыхании“ праяўляюцца ў розных аспэктах жыцьця, ня толькі ў расейскім урадзе, але і ў расейскай грамадзкасьці. Бачым, які працэнт падтрымлівае агрэсію Пуціна супраць Украіны. І гэта тыя самыя праявы. Гаварыць пра тое, што там былі „рускія палкі“ — гэта поўная лухта.Там былі палкі Вялікага Княства Літоўскага, а так званыя „рускія“ былі там смаленскія. А Смаленск тады быў у складзе ВКЛ, і Смаленск — гэта этнічная тэрыторыя Беларусі. Для нас гэтая інфармацыя на расейскім сайце яшчэ раз паказвае на тое, што расейцы ня лічаць нас самастойным народам, яны лічаць нас сваёй часткай. І паказвае на тое, што небясьпека для нашай краіны ідзе ад Расеі».

Карэспандэнт: «Чаму менавіта цяпер у Расеі згадалі пра Грунвальдзкую бітву?»

Краўцэвіч: "Думаю, што гэта выпадкова атрымалася. Яны цяпер гісторыю ламаюць па новай. Бо ў 90-я гады, калі распаўся Савецкі Саюз, зьявіўся больш аб’ектыўны шэраг працаў расейскіх гісторыкаў, які браў пад увагу нацыянальныя інтарэсы ўкраінцаў, беларусаў. А потым, калі паднялася цана на нафту, расейскія амбіцыі аднавіліся, і яны пачалі вяртацца да імпэрскіх амбіцыяў. Бо гэта такая праява комплексу непаўнавартасьці. Яны сябе адчуваюць ніжэйшымі культурна параўнальна з эўрапейцамі, але маюць задавальненьне ў тым, што, маўляў, нас усе баяцца. Гэта такая імпэрская хвароба, фантом. Можна параўнаць з болем нейкай ампутаванай канечнасьці. Рукі няма, ампутавалі, а яна баліць. Імпэрыі ў Расеі няма, а яна ім баліць. Гэта сумна. Вядома, у гістарычнай пэрспэктыве зь іхніх амбіцыяў нічога ня выйдзе. Але людзі гінуць, людзей шкада: і расейцаў, і тых, на каго яны нападаюць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG