Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Яраш: «Правы сэктар» гатовы ўступіць у войска ў абмен на амністыю


Дзьмітро Яраш

Дзьмітро Яраш

Лідэр украінскай нацыяналістычнай арганізацыі «Правы сэктар» Дзьмітро Яраш прапанаваў даць магчымасьць байцам групоўкі, якія ўдзельнічалі ва ўзброеным канфлікце ў Мукачаве Закарпацкай вобласьці, «змыць сваю віну крывёй».

Паводле «Украінскай праўды», выступаючы ў пятніцу на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, Яраш заявіў, што «Правы сэктар» гатовы ўвайсьці ў склад узброеных сіл на сваіх умовах — у абмен на амністыю байцоў, заблякаваных міліцыяй у гарах Закарпацьця. (Паводле дадзеных Службы бясьпекі Ўкраіны, гэта каля шасьці чалавек.)

Яраш адзначыў, што яны паддаліся на правакацыю, а зброя ў іх была або афіцыйна зарэгістраваная, або засталася з часоў Майдану.

Як перадае агенцтва УНІАН, у пятніцу намесьнік генэральнага пракурора Юры Сталярчук паведаміў, што ў сувязі з падзеямі ў Мукачаве распачаты 3 крымінальныя справы — аб стварэньні злачыннай групоўкі, аб тэракце і аб перавышэньні ўлады. Паводле Сталярчука, усе справы будуць аб’яднаны ў адну.

На пасяджэньні часовай сьледчай камісіі, створанай Вярхоўнай Радай, было адзначана, што праводзіцца праверка магчымай датычнасьці да канфлікту людзей з акружэньня народнага дэпутата Міхаіла Ланё.

«Правы сэктар» сьцьвярджае, што менавіта Ланё справакаваў канфлікт, спрабуючы зьмяніць схемы кантрабандных патокаў.

11 ліпеня ў Мукачаве адбылася страляніна. Паводле папярэдніх дадзеных праваахоўных органаў, у ёй удзельнічалі прадстаўнікі «Правага сэктару», чацьвёра зь якіх ужо затрыманыя. Згодна з інфармацыяй мясцовых СМІ, другі бок канфлікту — людзі Міхаіла Ланё. Паводле апошніх зьвестак, загінулі 2 чалавекі, 14 — пацярпелі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG