Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чума не чума, а журналістаў затрымліваюць


Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Кастусь Жукоўскі, архіўнае фота

Рэчыцкая міліцыя зладзіла паляваньне на гомельскіх журналістаў-фрылянсэраў Кастуся Жукоўскага і Натальлю Крывашэй, якія прыехалі ў вёску Першамайск спраўджваць, ад чаго ў вясковых жыхароў дохнуць сьвіньні. У затрыманьні фрылянсэраў удзельнічала машына ДАІ зь мігалкаю, а пасьля й машына супрацоўніка аддзелу аховы правапарадку Рэчыцкага РАУС зь незнаёмцам у цывільным.

Невялікая вёска Першамайск — у лесе за паўдзясятка кілямэтраў ад шашы Гомель — Калінкавічы. Раней вёска называлася Кабылева. Менавіта сюды выправіліся 16 ліпеня Кастусь Жукоўскі і Натальля Крывашэй, дазнаўшыся, што ў вяскоўцаў пачалі гінуць сьвіньні.

Жукоўскі: «Езьдзілі ў вёску Першамайск Рэчыцкага раёну, бо да нас дайшла інфармацыя, што там дохлі сьвіньні. Па словах мясцовых жыхароў, гэта нібыта была афрыканская чума сьвіней. Улады гэты факт замаўчалі, некаторым вяскоўцам ня выплацілі кампэнсацыю. Мы езьдзілі гэта спраўдзіць — так яно ці не?»

Натальля Крывашэй, архіўнае фота

Натальля Крывашэй, архіўнае фота

Пагутарыўшы зь вяскоўцамі Першамайску, Кастусь і Натальля накіраваліся ў Караваціцкі сельскі савет:

«Мы паехалі ў сельскі савет да старшыні, каб спытаць, што ды як. Толькі мы зайшлі ў кабінэт, яму нехта тэлефануе. І было зразумела, што нейкі чыноўнік, бо старшыня адказваў: „Так, яны ў мяне“. „Не даваць ім камэнтар? Не даваць!“ Потым ужо нам: „Вось ужо й пракурор тэлефануе“. Мы выйшлі ад старшыні, а ён выбег сьледам, нумар нашай машыны запісаў. Далей мы выправіліся ў суседнюю вёску Перавалока да вэтэрынара, які, як казалі вясковыя бабулі зь Першамайску, быў у іх і даваў рэкамэндацыі».

На вясковай дарозе і засьпела журналістаў дзяржаўтаінспэкцыя: «Насустрач нам ехала аўтамашына ДАІ. Убачыўшы нас, мэтраў за 30–40 яны ўключылі мігалку, у тым ліку й чырвоную. Гэта азначае, што трэба спыніцца. Я спыніўся. Інспэктар папрасіў дакумэнты. Я спытаў: „Чаго спынялі, якая нагода?“ Адказ быў звычайны ў такіх выпадках: „Праверка дакумэнтаў“. Я канфліктаў не шукаю — усе дакумэнты паказаў. Ён пайшоў іх правяраць — і правяраў паўтары гадзіны».

Я канфліктаў не шукаю — усе дакумэнты паказаў. Ён пайшоў іх правяраць — і правяраў паўтары гадзіны

За гэты час, як распавёў Кастусь Жукоўскі, у Перавалоку прыехала яшчэ адна аўтамашына — з маёрам міліцыі і чалавекам у цывільным:

«Прыехаў маёр міліцыі, начальнік аддзелу аховы правапарадку Рэчыцкай міліцыі, з чалавекам у цывільным. Апошні ад’ехаў далей, пэўна, каб мы яго не пазналі. А маёр запатрабаваў, каб мы далі тлумачэньні: што мы тут робім, каго й навошта здымаем, ці ёсьць у нас акрэдытацыя?»

Частку той размовы Кастусь з Натальляй запісалі:

Маёр: «Што вы робіце? Для чаго вы тут?»

Жукоўскі: «Я ў Беларусі знаходжуся...»

Маёр: «Калі ласка, прад’явіце свае дакумэнты».

Жукоўскі: «Я ў Беларусі знаходжуся. Дакумэнты вунь у чалавека — інспэктара ДАІ. Я еду, гэта маё права канстытуцыйнае — шукаць казнакрадаў, злодзеяў, брахуноў, якія хаваюць праўду. Праца мая такая. Шаноўны, я з вамі наагул размаўляць ня буду. На якой падставе супрацоўнік ДАІ перадаў вам мае дакумэнты?»

Маёр: «Па вёсцы езьдзяць, здымаюць... На лінію 102... Хто вы, што вы?»

Жукоўскі: «Што я парушыў? Па якому закону? Назавіце пункт закону!»

Маёр: «Я яшчэ раз тлумачу: паведамленьне на лінію 102, што езьдзіць машына, здымае. Трэба ўзяць тлумачэньне ад вас».

Людзі, калі вам няма чаго хаваць, то не ўскладняйце сытуацыю. Скажыце: „Ты шукаеш праўду? Паехалі! Глядзі паперы: раз, два, тры— усё чыста“

Тлумачэньне маёр міліцыі ўзяў. Хто гэта быў — выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу прафіляктыкі Аляксей Чарнашэй ці сам начальнік Мікалай Кастрама, які цяпер у адпачынку, — журналісты добра не пачулі і не перапыталі.

Жукоўскі лічыць, што, паколькі на іх затрыманьне накіравалі значныя міліцэйскія сілы, то ўладам, пэўна, ёсьць што хаваць:

«Людзі, калі вам няма чаго хаваць, то не ўскладняйце сытуацыю. Скажыце: „Ты шукаеш праўду? Паехалі! Глядзі паперы: раз, два, тры — усё чыста“. Будзе тады грамадзтва разумець, што ўсё добра, што ўлада ў нас нармальная. Журналісты напішуць праўду. А так, вядома, узьнікаюць домыслы. Калі верыць жыхарам Першамайску, у вёсцы была ўспышка сьвіной чумы. Жанчына, напрыклад, так і заявіла: узялі аналізы, а празь дзень прыехалі з раёну і сказалі: у вас сьвіная чума, усіх сьвіней усыпіць і закапаць».

Аднак паслухаем саму гаспадыню зь Першамайску, у якой спачатку прапала адна сьвіньня, а пасьля вэтэрынарная служба ўсыпіла яшчэ шасьцёх парсюкоў, вагою ня менш як сто кіляграмаў кожны:

«Прыяжджае ўжо гэтая служба, якая брала аналізы. Вылазіць жанчына з машыны — яна мне прозьвішча не сказала. Зь ёю яшчэ адна была. І мужыкі маладыя папрыяжджалі, тэхніку прыгналі. Вэтэрынарка й кажа мне: „Трэба ўсыпіць усіх вашых сьвіней і закапаць — у вас афрыканская чума сьвіней“. Я заплакала й кажу: „Калі так, то што ж мне рабіць? Закопвайце“».

XS
SM
MD
LG