Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч будзе судзіцца з Менгарвыканкамам за забарону канцэрта


Зьміцер Вайцюшкевіч

Зьміцер Вайцюшкевіч

Менскія ідэолягі не дазволілі канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча на падставе пагрозы нацыянальнай бясьпецы.

Пра гэта кажа афіцыйнае тлумачэньне за подпісам першай намесьніцы начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Віталіны Рудзікавай.

Зьміцер Вайцюшкевіч меўся выступіць 22 ліпеня ў Доме Масквы з праграмай на вершы расейскага паэта Ўладзімера Маякоўскага. Адміністрацыя ўстановы дала згоду на выступ, аднак упраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму паставіла мэтазгоднасьць канцэрту пад сумнеў. У пісьмовым адказе на імя арганізатараў чыноўніца ідэалягічнага падразьдзяленьня Віталіна Рудзікава, тлумачачы адмову выдаць гастрольнае пасьведчаньне, спаслалася на пункт 5 разьдзела 2 «Палажэньня аб арганізацыі і правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», зацьверджанага прэзыдэнцкім указам № 257.

У згаданым пункце, у прыватнасьці, гаворыцца пра забарону арганізацыі і правядзеньня канцэртаў, якія маюць на мэце «прапаганду вайны ці экстрэмісцкай дзейнасьці, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў...». Пры гэтым спадарыня Рудзікава падкрэсьліла, што асабіста паслухала аўдыё і паглядзела відэа артыста, перш чым прыняла рашэньне не дазваляць мерапрыемства.

Сам Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў Свабодзе, што не зьбіраецца «праглынаць» падобнае самаўпраўства і будзе аспрэчваць рашэньне праз суд. Па яго словах, надышоў час нарэшце стварыць прэцэдэнт:

«Я ведаю, што „Вясна“ згадзілася падтрымаць усе зьвязаныя з гэтым юрыдычныя справы, і думаю, што ў верасьні працэс пойдзе. А ў жніўні будзем займацца, спакойна рыхтавацца да суду. Таму што тут таксама пытаньне і да паэзіі, і да нейкай канкрэтыкі. Не сумняюся, што яны ўсё выкруцяць як захочуць, але, тым ня менш, усё ж хацелася б стварыць прэцэдэнт з канкрэтнай нагоды. Таму што гэтая справа не павінна быць проста так пакінута ці „зьета“ намі, мы ўвесь час нешта глытаем. Лічу, што варта гэтым заняцца. І прыцягнуць менавіта канкрэтную асобу, якая за свае словы павінна адказаць хоць неяк. Тым больш, аказваецца, яна сама была выкладчыцай у музычнай вучэльні, і асабіста мне гэта ўжо зусім незразумела — як музыкі могуць так сябе паводзіць?»

Экспэрты не выключаюць, што пад чарговую прэзыдэнцкую кампанію выканаўцу прыгадалі папярэднюю, калі ён актыўна падтрымліваў аднаго з кандыдатаў, тагачаснага лідэра кампаніі «Гавары праўду», паэта Ўладзімера Някляева — агітаваў за яго са сцэны, езьдзіў зь ім па рэгіёнах. Аднак сёлета спадар Някляеў наўпрост у выбарах ня ўдзельнічае, а вось Зьмітра Вайцюшкевіча прэвэнтыўна нэўтралізавалі:

«Хочацца аднаго — магчымасьці выступаць з канцэртамі. І разруліць сытуацыю, я лічу, выгадна ўсім бакам — „чэсным“, „нячэсным“, з выбарамі, бяз выбараў. Проста трэба накіраваць усё ў нармальнае, чалавечае рэчышча. Пакуль жа я гэтай палітыкі не разумею. Кантроль ужо настолькі татальны, што калі гэта тычыцца нейкай помсты мне за мінулую выбарчую кампанію, то гэта тым больш нелягічна — пасьля выбараў мінула амаль пяць гадоў, а фактычна я пад забаронай ужо адзінаццаты год. Чыноўніца нібыта сказала, што прэтэнзіяў да Маякоўскага, на вершы якога падрыхтаваная праграма, у яе няма. Дзякуй богу, што хоць да Маякоўскага ня мае. А прэтэнзіі ў яе менавіта да маёй асобы — маўляў, я сваімі камэнтарамі і песьнямі падчас канцэртаў распальваю міжнацыянальную варожасьць, экстрэмізм і г.д».

Калегі па цэху шакаваныя «выракам» Зьмітру Вайцюшкевічу, творчасьць якога ў апошнюю чаргу можа асацыявацца з гвалтам ці экстрэмізмам. Лідэр гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандар Кулінковіч, які сам не адзін год значыўся ў «чорных сьпісах» цэнзуры, але потым быў амніставаны, кажа, што забарона на творчасьць — адна з прыкметаў слабасьці сыстэмы:

Аляксандар Кулінковіч

Аляксандар Кулінковіч

«Я бачыў артыстаў, якія прапагандуюць вайну, гвалт, але не разумею, пры чым тут Дзіма? Хацелася б пачуць, што менавіта ён прапагандуе. Мы ў свой час, у 2001 годзе, калі былі прэзыдэнцкія выбары, гралі ў адным з гарадоў, і нас папрасілі прадставіць тэксты — ці не экстрэмісты мы? Мы п’яныя пісалі тэксты і дзіка рагаталі, бо ўсе тэксты былі „страшна экстрэмісцкія“. Асабліва „Волагда“ Мулявіна. Як кажуць, была б шалёная думка. Калі ў чалавека ёсьць такая шалёная думка, любое дзеяньне, любы тэкст, любы выраз можна зрабіць парнаграфічным, экстрэмісцкім, яшчэ нейкім. Але ставіць знак роўнасьці паміж вайной і Вайцюшкевічам — поўны маразм. Проста не ўяўляю, як да такога маглі дадумацца. Я чуў адгалоскі гэтай справы, але не падазраваў, што ўсё так сур’ёзна. Меркаваў, што як звычайна — дзесьці з „тэхнічных прычынаў“ перанесьлі, адмянілі. Ажно вось як запушчана. Зрэшты, у нас таксама здараецца: хоць нібыта мы ўжо і дазволеныя, усё роўна бываюць забароны канцэртаў. Але Дзімка, прычым з такой фармулёўкай — шчыра кажучы, вы мяне шакавалі. Усё, што магу сказаць, — Дзімка, трымайся!».

Негалосны пералік забароненых музыкаў, творчасьць якіх не адпавядае густу чыноўнікаў, зьявіўся ў Беларусі пры канцы 1990-х і рэгулярна абнаўляецца перад важнымі палітычнымі кампаніямі або пасьля іх. Зьміцер Вайцюшкевіч — «вэтэран» чорных сьпісаў. Кампанію яму складае Сяргей Міхалок, прысутнасьць якога ў ратацыі на радыё і тэлеканалах выключаная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG