Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Мы робім рэкляму «НРМ». «НРМ»: Нам забароняць выступаць


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (у цэнтры) і сябры яго ініцыятыўнай групы ідуць у ЦВК. 16 ліпеня 2015 году

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька (у цэнтры) і сябры яго ініцыятыўнай групы ідуць у ЦВК. 16 ліпеня 2015 году

Падаючы дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Анатоля Лябедзькі, актывісты АГП прадэманстравалі фірмовыя цішоткі кампаніі — з надпісам «Миллион НРМ».

Слоган расшыфроўваецца як «Миллион новых рабочих мест», але выглядае як прынт на майцы фаната вядомага беларускага рок-гурту.

Радыё Свабода запыталася ў Анатоля Лябедзькі, чаму на «форме» актывістаў АГП фігуруе назва гурту і ці дазволіў «НРМ» выкарыстоўваць свой брэнд у палітычнай кампаніі.

Лябедзька: «НРМ» нам дапамагае, а мы яго рэклямуем

Палітык кажа, што ў 2009 годзе, калі АГП стварала праграму «Мільён новых працоўных месцаў», пра сувязь абрэвіятуры з музычным брэндам ніхто ня думаў. Але цяпер асацыяцыя з гуртам можа прыцягнуць вылучэнцу ад АГП дадатковых прыхільнікаў. На думку Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі гурту «НРМ» не павінны крыўдаваць — у нейкім сэнсе сябры ініцыятыўнай групы АГП будуць рабіць яму рэкляму:

«Можа, гэта наканавана нябёсамі — такое супадзеньне. Так сталася, што скарочана праграма называецца „Мільён НРМ“, і ў кагосьці гэта выклікае асацыяцыі зь беларускай музыкай, бо абрэвіятура супадае з назвай гурту. Ідэі спалучыць бэнд і нашу праграму не было, але па факце атрымалася так. Ну і што — для мяне „НРМ“ выклікае станоўчыя думкі ў любым выглядзе. Гэта добра, калі ў людзей будзе і такая асацыяцыя. Я лічу гэтую задуму даволі крэатыўнай. Калі ў кагосьці яна выкліча асацыяцыі з новымі працоўнымі месцамі — добра, калі моладзь ці людзі сярэдняга веку ўзгадаюць вядомы музычны гурт — таксама някепска. Але для іх актуальная і праграма, якая прапаноўвае працоўныя месцы».

Анатоль Лябедзька ня бачыць праблемы ў тым, калі на актывістаў ягонай кампаніі будуць зьвяртаць увагу з-за назвы папулярнага музычнага брэнду на майках:

«Самае галоўнае — зачапіць чалавека. Сёньня людзі абыякавыя да многага. І калі іх нешта зачапіла, закранула, яны ўцягнуліся ў размову і праявілі цікавасьць — гэта ўжо вялікі крок наперад. Таму тут „НРМ“ нам дапамагае. Няхай гэта спрацуе ў вузкім сэгмэнце — найперш сярод моладзі, але гэта працуе для нас у плюс».

Паводле Анатоля Лябедзькі, прэтэнзіяў з боку гурту «НРМ» да АГП не было:

«На мой погляд, тут узаемны інтарэс. Мы ствараем новую хвалю цікавасьці да гэтага гурту. І, магчыма, пасьля сустрэчы з нашымі актывістамі хтосьці пачытае гісторыю легендарнай беларускай рок-каманды, хтосьці — уключыць беларускі рок. Я лічу, што тут ідзе ўзаемнае дапаўненьне. Наўрад ці могуць быць прэтэнзіі. А калі будзе станоўчае рашэньне што да нашай рэгістрацыі, то „Мільён НРМ“ будзе даволі моцна гучаць — таму што мы будзем гаварыць пра гэта і ва ўлётках, і па тэлебачаньні, і на радыё. Таму будзе яшчэ і рэкляма гурту».

Паўлаў: Гэта няўдалы крэатыў, які не спрацуе

Лідэр гурту «НРМ» Піт Паўлаў сказаў Свабодзе, што нічога пра гэта ня ведаў і ніякіх перамоваў пра выкарыстаньне абрэвіятуры не было.

«Ніякай сувязі зь Лябедзькам у гурту „НРМ“ няма. З боку гэтага кандыдата было неэтычна не зьвязацца з намі і не абмеркаваць гэты слоган».

Піт Паўлаў

Піт Паўлаў

Піт Паўлаў скептычна паставіўся да выбарчага патэнцыялу «крэатыўнага» слогана АГП:

«Калі ў выніку выкарыстаньня гэтай абрэвіятуры Анатоль Лябедзька стане прэзыдэнтам, то я буду задаволены. Але я думаю, што гэтая ідэя не спрацуе. Выкарыстаньне ўстойлівых культурніцкіх брэндаў трэба рабіць больш дакладна. Калі б мы гралі канцэрты ў падтрымку Лябедзькі, тады такія майкі можна было б выкарыстаць падчас саміх канцэртаў — напрыклад, раздаваць іх бясплатна. А калі проста так выйсьці ў майках з надпісам „НРМ“, калі твая дзейнасьць ніяк не зьвязаная з музычным гуртам, а зьвязаная зь нейкімі новымі працоўнымі месцамі, гэта ня мае сэнсу».

Гурт «НРМ» — выключна беларускамоўная каманда, а расшыфроўка на майках ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі робіцца на расейскую мову.

«Гэта нятрапны і недакладны жэст, які ніякім бокам не спрацуе. Я думаю, што тыя людзі, якія „ўпарылі“ Лябедзьку гэты крэатыў, пераканалі яго, што гэта спрацуе, і, напэўна, узялі за гэта грошы», — кажа Піт Паўлаў.

У адрозьненьне ад Анатоля Лябедзькі, які лічыць, што робіць «НРМ» рэкляму, Піт Паўлаў мяркуе — выкарыстаньне ў палітычнай кампаніі абрэвіятуры, якая супадае з назвай музычнага гурту, можа стаць прычынай для забароны яго гастрольнай дзейнасьці:

«У Беларусі мы граем шмат канцэртаў. Усе яны праходзяць з узгадненьнем камісіяў па ідэалёгіі. Звычайна, калі ідзе выбарчая кампанія, то канцэрты праходзяць зь цяжкасьцямі. І, магчыма, гэты нятрапны і недакладны жэст з боку АГП можа спыніць нашу канцэртную дзейнасьць на пэрыяд выбараў. І тады гурт „НРМ“ зробіцца ахвярай няўдалага палітычнага крэатыву».

XS
SM
MD
LG