Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты самалёт — ахвяра, за якую Расея павінна адказваць», — апытаньне ў Горадні


Супрацоўнікі МНС на месцы крушэньня самалёта Boeing 777 малайзійскіх авіялініяў у пасёлку Грабава Данецкай вобласці, 17 ліпеня 2014 году

Супрацоўнікі МНС на месцы крушэньня самалёта Boeing 777 малайзійскіх авіялініяў у пасёлку Грабава Данецкай вобласці, 17 ліпеня 2014 году

Чаму Расея адмаўляецца ад міжнароднага трыбуналу па зьбітым малайзійскім «Боінгу»? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Мужчына сярэдняга веку: «Я думаю, наагул доўгі час пра гэта ніхто не даведаецца праўды. Ракету выпусьцілі, а хто гэта зрабіў — невядома, адны на адных паказваюць. Хоць павінны ведаць дакладна, бо такія спадарожнікі ўверсе лётаюць. Прыйдзе час, і ўсё высьветліцца, бо гэта сур’ёзная справа».

Мужчына сярэдняга веку: «Там недалёка ад граніцы з Расеяй, і таму яны там прысутнічалі адназначна і, хутчэй за ўсё, самі маюць дачыненьне да гэтага. Вось такая мая думка».

Малады мужчына: «Я на пытаньні пра палітыку не адказваю...»

Мужчына сярэдняга веку: «Таму што гэта несур’ёзна. Гэта элемэнтарнае пытаньне. Навошта з кожнай нагоды ствараць трыбуналы? Я згодзен з афіцыйнай пазыцыяй Расеі. Ну стварылі трыбунал па Югаславіі, і што? Я думаю, што гэта толькі дзеля таго, каб стварыць дадатковы ціск на Расею».

Мужчына пэнсійнага веку: «Ня маю паняцьця. Няхай яны самі вырашаюць, ім відней...»

Мужчына сярэдняга веку: «Найхутчэй, яны хочуць схаваць ад людзей праўду. Расея хоча зацьвердзіць сваю пазыцыю, што яна нібыта ратуе Ўкраіну ад фашызму. Але гэты самалёт — ахвяра, за якую яна павінна адказваць».

Малады мужчына: «Гэта іх палітыка, і я не хачу ўмешвацца. Факт той, што гэта хочуць зваліць на іх. Але ж там былі баявыя дзеяньні, і чыя была праўда, а хто вінаваты — ніхто не дакажа. Адны кажуць, што страляла расейская ўстаноўка, іншыя — што ўкраінская, а каму верыць?»

Мужчына сярэдняга веку: «На расейцаў кажуць, што яны дэградуюць. Але думаю, што гэтая вайна выгадная іх ураду, бо там грошы вялікія замешаныя. А ў іх грошы вырашаюць усё...»

Мужчына пэнсійнага веку: «Іх жа не павінны пакараць. Магчыма, яны проста не давяраюць трыбуналу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG