Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Душанбэ асудзілі апазыцыйнага актывіста. За ўдзел у тым самым руху, што і Шабнам, якая просіць прытулку ў Беларусі


Таджыцкі апазыцыйны пікет у Хэльсынкі, арганізаваны "Групай 24"

Таджыцкі апазыцыйны пікет у Хэльсынкі, арганізаваны "Групай 24"

Як паведамляе прэзыдэнт Асацыяцыі «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» Надзея Атаева, са спасылкай на расейскага адваката Максуда Ібрагімава, лідэр руху «Моладзь Таджыкістану за адраджэньне» прысуджаны да 13 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле праваабаронцаў, Ібрагімаў быў выкрадзены невядомымі недалёка ад Праабражэнскай пракуратуры Масквы, куды ён быў запрошаны. Яны заявілі Ібрагімаву, што той пазбаўлены расейскага грамадзянства, і адабралі ў яго пашпарт грамадзяніна Расеі. Афіцыйна яго да гэтага часу не апавясьцілі аб пазбаўленьні грамадзянства РФ.

Потым Максуда Ібрагімава супраць яго волі адвезьлі ў аэрапорт і без дакумэнтаў, у багажным адсеку, адправілі ў Душанбэ. Па прыбыцьці Ібрагімава пад катаваньнямі прымусілі заявіць пра тое, што ён прыляцеў у Таджыкістан добраахвотна.

Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Групе 24», ён гэта адмаўляе і пацьвярджае, што ўдзельнічаў толькі ў стварэньні «Моладзевага дэмакратычнага руху за адраджэньне Таджыкістану» ў Расеі.

Максуду Ібрагімаву 37 гадоў, ён заснавальнік і старшыня расейскай моладзевай грамадзкай арганізацыі «Моладзь Таджыкістану за адраджэньне». Член кіраўнічай рады кааліцыі апазыцыйных сіл «Новы Таджыкістан», у якую ўваходзіць і «Група 24». У кастрычніку 2014 Вярхоўны суд Таджыкістану абвясьціў «Групу 24» «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Запыты адваката Ібрагімава ў Фэдэральную міграцыйную службу Расеі і органы пракуратуры застаюцца без адказу.

Асацыяцыя «Правы чалавека ў Цэнтральнай Азіі» выказала занепакоенасьць у сувязі з шырокамаштабным перасьледам актывістаў кааліцыі апазыцыйных сіл «Новы Таджыкістан», у якую ўваходзяць нефармальныя арганізацыі «Моладзь Таджыкістану за адраджэньне» і «Група 24».

Між тым у Менску вырашаецца пытаньне аб экстрадыцыі Шабнам Худайдодавай, актывісткі «Групы 24», затрыманай 15 чэрвеня сёлета пры пераходзе расейска-беларускай мяжы. 29-гадовая актывістка «Групы 24», маці непаўналетняй дачкі, папрасіла абароны ў беларускіх уладаў.

У Таджыкістане актывістку абвінавачваюць за «саўдзел у злачынстве». Эўрапейскі зьвяз зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай не выдаваць затрыманую Таджыкістану.

XS
SM
MD
LG