Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыпрас паводзіць сябе гэтак жа, як студэнты ў забарыкадаваных аўдыторыях, — беларуска з Грэцыі


Забурэньні ў Грэцыі

Забурэньні ў Грэцыі

У Атэнах ды іншых грэцкіх гарадах адбыліся вулічныя забурэньні, справакаваныя «адступніцкай», як перакананыя дэманстранты, палітыкай ураду на чале з Алексісам Цыпрасам.

5 ліпеня ў Грэцыі прайшоў рэфэрэндум, на якім грамадзяне выказаліся супраць «ультыматыўных патрабаваньняў» міжнародных крэдытораў — фінансавая дапамога ўзамен на кардынальныя рэформы. Аднак, каб атрымаць новыя крэдыты, не дапусьціць дэфолту і застацца ў эўразоне, пад ціскам лідэраў Эўразьвязу ўлады Грэцыі ўрэшце мусілі пайсьці на сур’ёзныя саступкі.

«Капітуляцыя» Цыпраса не спадабалася ні ягоным апанэнтам, ні нават учорашнім прыхільнікам. Тысячы пратэстоўцаў выйшлі пад будынак парлямэнту зь лёзунгамі «Далоў апэрацыю па „ўратаваньні“», «Не — палітыцы ЭЗ, ЭЦБ і МВФ» ды падобнымі. Бестэрміновы страйк супраць «прыніжальных рэформаў» абвясьцілі супрацоўнікі дзяржсэктару, муніцыпальныя служачыя, лекары і выкладчыкі. Ці прыплюсуе Грэцыя да фінансавага крызісу яшчэ і крызіс палітычны?

Кацярына Ткачэнка на пачатку 2000-х вывучала ў Атэнскім унівэрсытэце грэцкую мову і культуру. Перад ліпеньскім рэфэрэндумам зноў наведалася ў краіну і кажа, што сутнасна нічога не зьмянілася — адрозна ад занадта памяркоўных беларусаў, любое сваё незадавальненьне людзі выказваюць на вуліцы. Таму цяперашнія падзеі — хутчэй норма, чым навіна:

«Тады ўжо сутыкнулася з тым, што ў Грэцыі няма амаль ніводнага дня, каб у нейкім горадзе ня здарыўся нейкі страйк, марш ці вулічны пратэст. То бок усё гэта я назірала яшчэ ў той час. І пра тыя праблемы, пра якія цяпер кажуць — падаткі, пэнсійны ўзрост і г.д. — было вядома яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму. Магу згадаць такі выпадак: 2000 год, прымалася рашэньне, каб адукацыйныя ўстановы кшталту каледжаў прыраўняць да ўнівэрсытэтаў. Дык вось тры дні супраць гэтага рашэньня пратэстуюць грэцкія ВНУ. Адпаведна, перакрываецца цэнтар гораду, усе дні не працуюць ні банкі, ні дзяржаўныя ўстановы, ні ўнівэрсытэты — шматлюдным маршам і пад жорсткімі лёзунгамі ідзе пратэст студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Праз тры дні яны свой пратэст завяршаюць, і выходзяць пратэставаць навучэнцы каледжаў, якія хочуць, каб іх прыраўнялі да вышэйшай школы. Наступныя дні — зноўку тыя ж самыя жорсткія працэсы: навучаньне ва ўнівэрсытэтах і каледжах спыненае, бо страйк, банкі не працуюць, бо страйк, крамы ў цэнтры зачыненыя, бо ня ходзяць аўтобусы, з цэнтру ня выехаць. І так вось цэлы тыдзень».

Кацярына Ткачэнка

Кацярына Ткачэнка

Узамен на саступкі крэдыторам Грэцыя застанецца ў эўразоне і можа разьлічваць на атрыманьне новага пакету дапамогі больш як у 80 мільярдаў эўра. Праўда, дзеля гэтага неабходна правесьці пэўныя рэформы, якія галоўным чынам прадугледжваюць павелічэньне аб’ёму падаткаў. У выпадку кансэнсусу памер зьнешняга доўгу Грэцыі пераваліць за 400 мільярдаў эўра — гэта ў 10 разоў больш, чым мае Беларусь, роўная ёй колькасьцю насельніцтва і ўдвая большая тэрытарыяльна.

Дык ці па сродках жывуць грэкі? Ці адпавядае рэальнасьці стэрэатыпнае ўяўленьне пра грэкаў як «эўрапейскіх утрыманцаў»? Кацярына Ткачэнка перакананая: гэта якраз той выпадак, калі гаварыць агулам не выпадае:

«Трэба дакладна разьмяжоўваць тых, хто працуе на дзяржаўных пасадах, і тых, хто мае ўласны бізнэс ці задзейнічаны ў турыстычнай сфэры. Пра дзяржаўны сэктар ня трэба шмат і казаць, бо сапраўды так: трапіць на дзяржслужбу — гэта як, ня ведаю, атрымаць пажыцьцёвы грант ці нешта такое. Гэта агульнавядома, да такой кар’еры імкнуцца, за гэтыя месцы трымаюцца, прыводзяць сваякоў. Кшталту такога хлебнага месца гэта было і ёсьць. Што тычыцца людзей, якія занятыя, скажам, у турыстычным бізнэсе — ня столькі Атэны, колькі тыя, хто жыве на Пэлапанэсе, працуе на астравах — дык трэба разумець, што яны маюць сэзонную працу ад красавіка да кастрычніка ў лепшым выпадку. І як выкладваюцца грэкі на такіх працах, каб зарабіць, то яны ўлягаюць дзень і ноч — гатуюць, прыбіраюць, афіцыянтамі і г.д. Шмат намаганьняў, працоўны дзень у іх можа цягнуцца і 14, і 16 гадзін. Яны ідуць на гэта, бо праца сэзонная і іншай яны ня знойдуць. Гэта да пытаньня, як працуюць грэкі — працуюць узмоцнена, і, я б нават сказала, працуюць прыгожа. Але нагрузка вялізная: 14 гадзін на сьпякоце прыбіраць, абслугоўваць — зразумейце самі».

Трапіць на дзяржслужбу — гэта як атрымаць пажыцьцёвы грант

Каб атрымаць чарговую порцыю фінансавай дапамогі, Грэцыя павінна перадаць свае дзяржаўныя актывы на 50 мільярдаў эўра ў Спэцыяльны фонд прыватызацыі, які стане своеасаблівым «закладам» пад крэдыты Эўразьвязу, Эўрапейскага цэнтрабанку і Міжнароднага валютнага фонду. Такое патрабаваньне абурыла грэкаў, бо ў выпадку дэфолту, перад пагрозай якога краіна ўжо не аднойчы паўставала, нацыянальныя багацьці пяройдуць у агульнаэўрапейскую скарбонку. Чаму грэцкія ўлады так рэзка зьмянілі сваю пазыцыю, пайшоўшы на супрацу з крэдыторамі, якіх яшчэ нядаўна безапэляцыйна параўноўвалі з «тэрарыстамі»? Чым можа абярнуцца такая зьмена настрояў для самога прэм’ер-міністра Алексіса Цыпраса? Сваімі назіраньнямі дзеліцца Кацярына Ткачэнка:

«У чым можа быць пастка? Я калі сачыла за манэўрамі Цыпраса, склалася ўражаньне, што ён сябе паводзіць дакладна гэтак жа, як дзейнічаюць студэнты падчас страйку. Паколькі паліцыя ў інтэрнаты ўвайсьці ня можа, студэнты, калі хочуць чагосьці дамагчыся, спачатку барыкадуюцца, а потым пачынаюць весьці перамовы з адміністрацыяй. Яны могуць выстаўляць розныя, самыя фантастычныя патрабаваньні. Кіраўніцтва ўнівэрсытэту ідзе зь імі на перамовы — тры дні, тыдзень. Калі яшчэ там вучылася, ведаю, што ВНУ можа нават страціць свой навучальны год, бо будзе доўга весьці перамовы са студэнтамі. І вось гэтая схема ў паводзінах Цыпраса спрацавала з Эўразьвязам. Грэкі пачынаюць выстаўляць непрымальныя ўмовы, зрываецца „навучальны год“ (а калі мы кажам пра Грэцыю, то, адпаведна, усё руйнуецца). Але паступова адміністрацыя (Эўразьвяз) пераконвае студэнтаў (грэкаў), зьяўляецца нейкі кампрамісны варыянт. То бок урэшце дамаўляюцца, але гэта расьцягваецца на вельмі працяглы час. Прыблізна такая схема спрацавала ў паводзінах Цыпраса — абсалютна тыповая для Грэцыі».

Акцыя пратэсту каля парлямэнту ў Атэнах

Акцыя пратэсту каля парлямэнту ў Атэнах

У выніку вострых спрэчак грэцкі парлямэнт прыняў закон аб рэформах, якія былі ўзгодненыя ў якасьці папярэдніх умоваў для пачатку перамоваў паміж Грэцыяй і іншымі краінамі зоны эўра аб трэцяй крэдытнай праграме. У дакумэнце ратыфікуецца рашэньне саміту эўразоны, які адбыўся ў панядзелак, фіксуюцца зьмены ў падатковым заканадаўстве, у сацыяльным забесьпячэньні і страхаваньні, а таксама абмежаваньне практыкі датэрміновага выхаду на пэнсію. Непапулярныя меры прывялі да расколу палітычнай эліты, Цыпраса ня раз абвінавацілі ў «здрадзе нацыянальным інтарэсам».

XS
SM
MD
LG