Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі за 16 ліпеня павялічылася на шэсьць чалавек.

Сёньня ў Цэнтральную выбарчую камісію паступілі дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў ад імя кіраўніка прыватнага прадпрыемства Андрэя Канаўца, прадстаўніцы кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяны Караткевіч, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, палітвязьня, удзельніка папярэдняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Мікалая Статкевіча, часова непрацуючай Жанны Раманоўскай і спэцыяліста ў галіне рэклямы Ірыны Першынай. Такім чынам, ужо дзевяць чалавек перадалі ў Цэнтравыбаркам дакумэнты, неабходныя для ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2015 году.

Першым сёньня перадаў дакумэнты ў ЦВК Андрэй Канавец. Пра яго вядома няшмат: 36 гадоў, жыве ў Наваполацку. Дырэктар прыватных прадпрыемстваў — турыстычнай кампаніі Love Tour і транспартнай кампаніі Love Logistics.

На сваёй старонцы «Ўкантакце» Андрэй Канавец напісаў:

«Для тых, хто яшчэ хоць нямнога верыць у нашу краіну, давайце ўсе разам арганізуемся і выберам на пасаду Прэзыдэнта Беларусі годнага чалавека».

Тамсама напісана, што «Бліжэйшым часам дададзім праграму Андрэя Канаўца аб вывадзе краіны з крызісу».

Фота Андрэя Канаўца з сацыяльных сетак

Фота Андрэя Канаўца з сацыяльных сетак

У ініцыятыўнай групе Андрэя Канаўца мінімальная паводле закону колькасьць зьбіральнікаў подпісаў — усяго 100 чалавек.

Канавец: «Паважаю Аляксандра Рыгоравіча.
Апазыцыя — не канкурэнт»

Пятым патэнцыйным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы стала прадстаўніца кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч. У склад яе ініцыятыўнай групы ўваходзяць 1900 чалавек, сярод іх два былыя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі — Рыгор Кастусёў і Аляксей Міхалевіч.

Перад тым як падаваць дакумэнты ў Цэнтральную выбарчую камісію, Тацяна Караткевіч правяла кароткую сустрэчу з журналістамі. Прычым патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта падрыхтавала для прадстаўнікоў мэдыяў боршч. Яна згатавала яго сама і, частуючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, сказала, што боршч — гэта «сымбаль удзелу жанчын у беларускай палітыцы. За пяць год ён стаў не такі наварысты, абяцаных заробкаў няма, скарачаюцца працоўныя месцы, людзі бяднеюць».

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

На просьбу журналістаў спадарыня Караткевіч агучыла свой рэцэпт гатаваньня баршчу:

«Гэта вельмі просты рэцэпт. Спачатку робіцца наварысты булён. Я люблю на сьвіных скібачках. Калі ёсьць курыца, выкарыстоўваю курынае мяса. Потым дадаю бурачкі ды іншую гародніну. І вару. А напрыканцы абавязкова дадаю кроп. А ўжо ў налітую міску баршчу дадаю часнычок».

Караткевіч падала дакумэнты ў ЦВК і пачаставала журналістаў баршчом

Трэцім сёньня і шостым наагул перадалі ў Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Анатоля Лябедзькі сам Лябедзька і кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Віктар Карняенка.

У склад яе ўвайшло 1000 чалавек.

Перад тым як зайсьці ў будынак ЦВК, Анатоль Лябедзька паказаў журналістам прыгожы гарантыйны ліст, які ён хоча ўручыць Лідзіі Ярмошынай альбо яе прадстаўнікам. У гэтым лісьце напісана, што ў выпадку, калі Аб’яднаная грамадзянская партыя прыйдзе да ўлады ў Беларусі і будзе выконваць сваю праграму «Мільён новых працоўных месцаў», то яна гарантуе працаўладкаваньне сябрам выбарчай камісіі.

Паводле Лябедзькі, праграма «Мільён новых працоўных месцаў» стане галоўным слоганам ягонай выбарчай кампаніі. Праца над праграмай пачалася яшчэ пяць гадоў таму, — адзначыў патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта:

«І гэта толькі падкрэсьлівае, што мая каманда здольная аналізаваць і прагназаваць сытуацыю. Калі мы пяць гадоў таму ўпершыню прэзэнтавалі гэтую праграму, было шмат скептыкаў, якія казалі: а навошта гэта, у нас жа беспрацоўем ня пахне? А мы адказвалі: давайце расплюшчым вочы. І тады сытуацыя была пагрозьлівая. А цяпер гэта стала нацыянальнай трагедыяй. Бо, па розных дадзеных, цяпер ад 700–800 тысяч беларусаў гастарбайтэры. Яна жывуць за межамі Беларусі.

Я хадзіў на прахадную МАЗа і на ўласныя вочы бачыў, як зьменшылася колькасьць людзей, якія там працуюць».

Лябедзька прынёс Ярмошынай гарантыйны ліст

Жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, кіраўніца ягонай ініцыятыўнай групы, перадала ў Цэнтральную выбарчую камісію дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча як патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі.

У складзе групы больш за 1700 чалавек. Сярод іх такія вядомыя ў краіне людзі, як Ніл Гілевіч, Уладзімер Някляеў, Радзім Гарэцкі, Сяргей Законьнікаў.

Пасьля таго як Марына Адамовіч выйшла з Цэнтральнай выбарчай камісіі, яна паведаміла журналістам, што прадстаўнікі ЦВК сказалі, што разгляд дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, праўдападобна, адбудзецца ў панядзелак 20 ліпеня. Пра канчатковае рашэньне Цэнтравыбаркам паведаміць спадарыні Адамовіч тэлеграмай.

Журналісты запыталіся: што будзе рабіць каманда Мікалая Статкевіча, калі ЦВК вынесе адмоўны вэрдыкт і не зарэгіструе ініцыятыўную групу? Тым больш што некалькі чальцоў ЦВК ужо казалі, што групу не зарэгіструюць. На гэта спадарыня Адамовіч адказала:

«Я пачакаю. Гаварыць можна што заўгодна. Але рашэньні прымаюцца, як я разумею, ня тут і не цяпер. Да таго ж у нас ёсьць законныя падставы разьлічваць на рэгістрацыю групы».

Дарэчы, на сёлетніх выбарах зьявілася магчымасьць абскардзіць у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь рашэньне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі, чаго не было на ранейшых прэзыдэнцкіх выбарах. Марына Адамовіч сказала Свабодзе, што пра гэтую навэлу ў Выбарчым кодэксе яна ведае і што юрысты на ўсялякі выпадак працуюць над складаньнем адпаведнай пэтыцыі.

Марына Адамовіч перадала дакумэнты
за Мікалая Статкевіча

Падача заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў працягнецца і заўтра, 17 ліпеня. У Цэнтравыбаркаме мне сказалі, што дзьверы для прыёму дакумэнтаў зачыняцца а 19-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG