Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Шульгана няма прапіскі. Рэгістрацыя яго ініцыятыўнай групы пад пагрозай


Юры Шульган

Юры Шульган

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Павал Канавальчык. Ён удакладніў, што ў складзе ініцыятыўнай групы беспрацоўнага Юрыя Шульгана ёсьць неабходныя сто чалавек.

Раней штаб паведаміў, што Юры Шульган адмовіўся вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты з-за адсутнасьці ў пашпарце штампа аб рэгістрацыі.

Аднак Павал Канавальчык сказаў карэспандэнту Свабоды, што штаб пакуль канчаткова ня вызначыўся.

«Штаб пераглядае гэтае пытаньне. То бок спачатку быў разасланы прэс-рэліз, што мы ня будзем несьці дакумэнты. Але потым у штабе ўсё ж узьнікла дыскусія, ці будзем мы спрабаваць заўтра цягам дня падаваць дакумэнты. Таму пытаньне да канца яшчэ ня вызначанае. Канчатковага рашэньня няма, і, хутчэй за ўсё, схіляемся да таго, каб паспрабаваць падаць дакумэнты. Мы кансультаваліся зь юрыстамі, што ёсьць такая працэдура і некаторыя дакумэнты можна даносіць пасьля таго, як яны пададзеныя. І мы хочам скарыстацца гэтым. То бок у нас яшчэ ёсьць пяць дзён, каб данесьці неабходныя дакумэнты. А няма толькі рэгістрацыі, якая патрабуецца паводле заканадаўства. Хутчэй за ўсё, мы панясем дакумэнты».

Шульган атрымаў новы пашпарт некалькі дзён таму, аднак дакумэнт выдадзены без адзнакі аб рэгістрацыі па месцы жыхарства. Высьветлілася, што ён быў выпісаны па сваім ранейшым адрасе без асабістай прысутнасьці яшчэ дзевяць гадоў таму з фармулёўкай «зьехаў па месцы вучобы».

Між тым у базах дадзеных МУС значыцца, што Шульган пражывае менавіта там.

Юры Шульган нарадзіўся 6 лютага 1977 году ў вёсцы Мошкавічы Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Пасьля заканчэньня школы паступіў у Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя А.С.Пушкіна на спэцыяльнасьць «Гісторыя і гісторыя сучаснай культуры», але быў адлічаны, як сьцьвярджае сам Шульган, «за грамадзкую дзейнасьць і палітычную нядобранадзейнасьць». З 2002 году Шульган, па ягоных словах, жыве ў Менску «ў шматлікіх сяброў з прадстаўнікоў сталічнай багемы».

Балятавацца ў прэзыдэнты Шульган вырашыў пасьля выхаду дэкрэта прэзыдэнта «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Яго вылучэньне падтрымала Беларуская партыя «Зялёныя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG