Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Закон аб дэцэнтралізацыі Ўкраіны адмысловага статусу Данбасу не надаў


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны заявіў, што дэцэнтралізацыя не распаўсюджваецца на такія сфэры, як абарона, нацыянальная бясьпека, зьнешняя палітыка і кантроль за канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян.

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны прагаласавалі за прапанову накіраваць канстытуцыйныя папраўкі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі аб дэцэнтралізацыі краіны ў Канстытуцыйны суд.

У адпаведнасьці з праектам паправак, «спэцыяльны закон будзе рэгуляваць асаблівасьці мясцовага самакіраваньня» ў раёнах, якія ўтрымліваюцца прарасейскімі сэпаратыстамі ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Выступаючы пры прадстаўленьні паправак у Вярхоўнай Радзе, Парашэнка заявіў, што ня можа быць і гаворкі аб наданьнні «адмысловага статусу Данбасу», як пра гэта напісалі некаторыя СМІ.

«Гэты канстытуцыйны законапраект не надае і ня можа дазволіць — насуперак таму, што некаторыя СМІ паведамілі сёньня — ніякага адмысловага статусу для Данбасу. Гэтага паняцьця проста не існуе. Законапраект прадугледжвае толькі магчымасьць спэцыфічнай арганізацыі мясцовага самакіраваньня ў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Данецкай і Луганскай абласьцей, якія павінны быць прынятыя асобным законам», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Законапраект прадугледжвае, што крыніцай улады павінны стаць мясцовыя супольнасьці, якія самі будуць зьбіраць падаткі і разьмяркоўваць бюджэты. Абласныя і раённыя адміністрацыі ліквідуюць, дзяржава ж будзе прадстаўлена на месцах інстытутам прэфэктаў.

Прарасейскія сэпаратысты, якія настойвалі на тым, каб адмысловы статус раёнаў, якія яны кантралююць, быў зафіксаваны ў канстытуцыі Ўкраіны, заявілі, што законапраект, прапанаваны прэзыдэнтам, не адпавядае прынцыпам менскіх дамоўленасьцяў.

Паводле прадстаўніка групоўкі «ДНР» Дзяніса Пушыліна, Кіеў, насуперак менскім пагадненьням, не ўзгадніў канстытуцыйную рэформу з кіраўнікамі груповак «ДНР» і «ЛНР» і не забясьпечыў «заканадаўчае зацьвярджэньне адмысловага статусу Данбаса».

Парашэнка катэгарычна запярэчыў, што папраўкі вядуць да фэдэралізацыі Ўкраіны, і заявіў, што краіна застанецца ўнітарнай дзяржавай. Паводле яго, любыя спробы сэпаратызму будуць спыняцца уладай прэзыдэнта.

Як выказаўся Парашэнка, «калі чорт падаб’е нейкую мясцовую раду і яна прыме рашэньні, якія ўяўляюць пагрозу для сувэрэнітэту Ўкраіны, тэрытарыяльнай цэласьці або нацыянальнай бясьпекі, парушаюць канстытуцыю Ўкраіны, прэзыдэнт мае права неадкладна — з маланкавай хуткасьцю — пакласьці свой аўтарытэт на тое, каб яны былі часова прыпыненыя».

На думку Парашэнкі, гэта тое, што можна было б зрабіць — абсалютна апраўдана — тады, у парлямэнце Аўтаномнай Рэспублікі Крым, калі ён прыняў рашэньні, якія прывялі да анэксіі яго Расеяй у сакавіку 2014 году.

XS
SM
MD
LG