Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасную замежную літаратуру беларускамоўныя чытачы атрымліваюць і, хутчэй за ўсё, яшчэ доўга будуць атрымліваць праз расейскія, польскія, украінскія, яшчэ якія-небудзь пераклады, у найлепшым выпадку — чытаць у арыгінале. Пакуль беларускамоўны пераклад нельга зрабіць прыбытковым, нашумелыя замежныя выданьні будуць зьяўляцца па-беларуску толькі дзякуючы выпадковым праектам ці апантанасьці асобных перакладчыкаў і выдаўцоў. Бо для таго, каб новасьпечаны нобэлеўскі ляўрэат зьявіўся па-беларуску не нашмат пазьней, чым па-расейску, трэба выканаць як мінімум дзьве ўмовы. Выдавецтва мусіць за вельмі немалыя грошы выкупіць аўтарскія правы і знайсьці прафэсійнага перакладчыка, у якога на той момант будуць вольныя рукі і які за два-тры месяцы падрыхтуе пераклад.

Аўтарскія правы закон Рэспублікі Беларусь абараняе 50 гадоў пасьля сьмерці аўтара. Для прыкладу, мы яшчэ ня можам бясплатна ўзяць і надрукаваць Джона Стэйнбэка, а многія яго знакамітыя творы выйшлі ж яшчэ да Другой сусьветнай. Зрэшты, грошай і жаданьня купіць правы часам бывае недастаткова. Мне даводзілася весьці перамовы з агенцтвам, якое займаецца спадчынай Маркеса; дазнаўшыся, што беларусы хочуць купіць правы на выданьне 500 асобнікаў «Каханьня падчас халеры» (раман, перакладзены на беларускую Карласам Шэрманам, які асобнай кнігай так і ня выйшаў), супрацоўніца паведаміла, што з такімі аб’ёмамі яны не працуюць, а калі я прапанавала павялічыць колькасьць да 1000 асобнікаў, проста перастала адказваць на лісты. Яе час каштуе даражэй, чым агенцтва атрымае ад гэтай зьдзелкі. Большасьць літаратурных агенцтваў і выдавецтваў, якія валодаюць правамі на той або іншы твор, аказваюцца, канечне, больш памяркоўнымі (хоць іх часта цікавіць статус выдавецтва, якое будзе публікаваць іх аўтара) і нават ідуць насустрач, прызначаючы некамэрцыйную цану. Аднак ці шмат беларускіх выдавецтваў змогуць заплаціць 350 эўра толькі за права выдаць 30-старонкавую кнігу папулярнага нідэрляндзкага дзіцячага аўтара?

З прафэсійнымі перакладчыкамі яшчэ складаней. Калі перакладчык два месяцы будзе працаваць над раманам, то ён мусіць атрымаць за гэта адэкватны двухмесячны заробак. Я ўжо не кажу пра тое, што прафэсійных перакладчыкаў мастацкай літаратуры, то бок людзей, для якіх перакладаць нобэлеўскіх ляўрэатаў — гэта прафэсія, зь якой яны жывуць, у нас няма. Добрыя перакладчыкі ёсьць, а прафэсійных — няма. А таму, калі раптам зьявіцца патрэба выдаць трынаццаты том пра Гары Потэра раней за расейцаў, я зусім ня ўпэўненая, што знойдзецца чалавек, які зможа на два месяцы адкласьці іншыя справы ці адмовіцца ад іншай працы, каб выйграць у гэтай няроўнай барацьбе.

У выніку атрымліваецца, што пераклады сучаснай (ці нават адносна сучаснай) літаратуры зьяўляюцца па-беларуску даволі рэдка і ў асноўным дзякуючы падтрымцы тых або іншых інстытуцый (якія ў тым ліку могуць узяць на сябе перамовы наконт аўтарскіх правоў), радзей — прыватных спонсараў (прычым да такіх спонсараў можна аднесьці і саміх перакладчыкаў, якія робяць сваю працу бясплатна ці за неадэкватны ганарар). Адпаведна, на беларускую найбольш перакладзена зь літаратур тых краін, прадстаўніцтвы якіх у Беларусі ёсьць і якія найбольш зацікаўленыя ў прасоўваньні сваіх аўтараў. Цяжка ўявіць, што ў агляднай будучыні пачнуць масава зьяўляцца беларускія пераклады з ангельскай, амэрыканскай, партугальскай ці гішпанскай літаратураў.

У сытуацыі, калі сучаснай літаратуры перакладаецца мала, выбар выдаўцоў, перакладчыкаў, культурных інстытуцый што да выданьня твораў можа выглядаць выпадковым. Чаму ў нас выйшаў той, а ня іншы раман? Таму што прасьцей дамовіцца з праваўладальнікамі, таму што ў выдаўца ёсьць прыватны кантакт, таму што так хочацца перакладчыку. Ці не падасца на першы погляд дзіўным, што сучасная нямецкая проза прадстаўленая ў нас перакладамі рамана Монікі Марон, зробленага Васілём Сёмухам, рамана Катрын Шміт, зробленага Альгердам Бахарэвічам, і рамана Міхаэля Кумпфмюлера, зробленага Ірынай Герасімовіч? А сучасная француская — перакладамі з Мішэля Уэльбэка, Патрыка Бэсона і Жана Эшноза, зробленымі Зьмітром Коласам, і перакладам Эрыка-Эманюэля Шміта, зробленым Андрэем Хадановічам, — па адным рамане ад кожнага аўтара. Нам пашанцавала, што Марына Шода знайшла магчымасьць перакласці «Вайзэра Давідзіка» Паўла Гюле, Сяргей Шупа — «Іншала, Мадона, іншала» Міленкі Ергавіча, а Лідыя Ёхансэн — «Сафіін сьвет» Юстэйна Гордэра (калі я расказваю нарвэжцам, што летась у нас выйшаў гэты раман, яны вельмі зьдзіўляюцца і кажуць: ён жа грымеў ва ўсім сьвеце гадоў дваццаць таму). Аднак такая колькасьць перакладаў ніякага ўяўленьня пра сусьветную літаратуру не дае.

Летась у перакладзе Змітра Коласа выйшаў раман Жана Эшноза «1914» (паводле зьвестак ад кнігарні «Логвінаў», у студзені ён увайшоў у топ-10 самых прадаваных у іх выданьняў). Выдатна зроблены па-беларуску, гэты невялікі твор здаецца выхапленым зь нейкай традыцыі, пра якую мы нічога ня ведаем або ведаем зь перакладаў на іншыя мовы: калі глядзець на пераклад беларускі, успрымаць раман «1914» давядзецца на фоне тых самых Ўэльбэка, Шміта і Бэсона. Выратоўвае тое, што кніга лёгка ўпісваецца ў кантэкст ушанаваньня 100-годзьдзя ад пачатку Першай сусьветнай. Раман Эшноза зьявіўся у 2012 годзе, а па-беларуску быў надрукаваны акурат у 2014-м — добрая нагода, каб успомніць пра вайну, якая ў беларускай літаратуры амаль не адлюстраваная і якую можна ў нас лічыць амаль забытай, зацененай наступнымі крывавымі падзеямі. Таму гэтае выданьне можна назваць удалым — яно выйшла ў зручны час, калі Першая сусьветная была на слыху, і да таго ж даволі хутка пасьля выхаду ў сьвет францускага арыгіналу.

Для французаў жа раман «1914» стаўся значнай літаратурнай падзеяй: ён атрымаў высокую ацэнку францускіх чытачоў і крытыкаў, цягам першых двух тыдняў разышлося каля 20 тысяч асобнікаў. Гэта ня дзіўна — Першая сусьветная вайна займае важнае месца ў францускай гісторыі, і ёй прысьвечаная вялізная колькасьць кніг, навуковых і мастацкіх. Сярод галоўных вартасьцяў рамана «1914» называюць здольнасьць аўтара дыстанцыявацца ад акопных жахаў, пра якія так шмат пісалася ў клясычнай прозе пра Першую сусьветную («На Заходнім фронце нічога новага» Рэмарка) і пераключыцца на жыцьцё звычайных людзей, салдат і тых, хто застаўся ў тыле, нараджае дзяцей і шые для войска няякасны абутак. Гэта з аднаго боку некалькі вельмі коратка пададзеных прыватных (у асноўным, трагічных) гісторый, а з другога — апісаньне вайны, якой яна бачыцца праз 100 гадоў, тыповыя лёсы, іронія і па-свойму мірная атмасфэра: Жан Эшноз нашмат лепш за «страчанае пакаленьне» ведае, што жыцьцё працягваецца ня толькі пасьля Першай, але і пасьля Другой сусьветнай вайны. Гэта нестандартны для беларускай прасторы погляд на вайну — і супаставіць яго няма з чым, успрыманьне твору правісае, і сама кніга падаецца зноў жа выпадковай.

Падсумоўваючы, я зусім не хачу сказаць, што сучасную замежную літаратуру ня варта перакладаць на беларускую, бо ўсё адно будзе замала ці незразумела, ці што кніга «1914» нецікавая (а чаму яна цікавая, ужо напісала для № 1-2 часопіса «Таймэр» за 2015 год Марыя Мартысевіч). Я магу прызнацца, што сярод усёй безьлічы літаратуры, якая існуе на даступных мне мовах, я ніколі не выбрала б для чытаньня раман Жана Эшноза «1914», альбо раман Монікі Марон «Вуліца Ціхая, шэсць», ці раман Патрыка Бэсона «Ліст да страчанага сябра», калі б іх не пераклалі на беларускую мову, але нават ня гэта галоўнае. Сусьветная літаратура ў беларускім перакладзе яшчэ доўга будзе існаваць у выглядзе такога сабе вялікага пазла, які толькі-толькі пачалі зьбіраць, выклалі літаральна некалькі першых кавалачкаў у правым ніжнім куце, яшчэ колькі раскіданых фрагмэнтаў у цэнтры і столькі ж — уверсе. І нам трэба да гэтага неяк прызвычайвацца і прыдумваць, што з гэтым рабіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG