Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля падзеяў ва Ўкраіне малдаване глядзяць на Лукашэнку іншымі вачыма, — журналістка з Кішынэва


Ліліяна Барбарошые (Liliana Barbarosie)

Ліліяна Барбарошые (Liliana Barbarosie)

Пра стаўленьне малдаван да Аляксандра Лукашэнкі распавяла журналістка з Кішынэва Ліліяна Барбарошые.

Паводле яе слоў, дакладных дадзеных наконт стаўленьня жыхароў Малдовы да Лукашэнкі не існуе, бо адпаведных сацыялягічных апытаньняў пра ягоную асобу ніколі не праводзілася. Але пры гэтым Барбарошые кажа, што апошнім часам, у сувязі з украінскімі падзеямі, малдаване сталі ўсё ж такі больш сымпатызаваць кіраўніку беларускай дзяржавы.

«Сымпатыі да Лукашэнкі вырасьлі пасьля ўкраінскага крызісу. У Рэспублікі Малдова ёсьць свае тэрытарыяльныя праблемы, і таму малдаванам спадабаліся выказваньні Лукашэнкі па ўкраінскай тэме, спадабалася ягоная пазыцыя па Крыме. Людзі таксама лічаць, што роля Лукашэнкі была вельмі вялікая ў падпісаньні менскага замірэньня (якім бы яно ні было) — малдаване шмат у чым зьвязваюць гэта зь фігурай Лукашэнкі», — адзначыла Барбарошые.

Акрамя таго, у Малдове цэняць, што Беларусь не далучылася да расейскага эмбарга на малдаўскую аграрную прадукцыю, а наадварот, імкнецца разьвіваць супрацоўніцтва па гэтых напрамках.

«Такія паводзіны Беларусі і, у прыватнасьці, Лукашэнкі ўспрымаюць як працягваньне рукі ў цяжкі момант для Малдовы», — тлумачыць журналістка.

Сяброўства Кішынэва з адыёзным для Эўразьвязу палітычным лідэрам не выклікае пытаньняў у грамадзкасьці нават на фоне курсу Малдовы на эўрапейскую інтэграцыю. Грамадзянская супольнасьць у сувязі з гэтым малдаўскага прэзыдэнта не крытыкуе.

«Напэўна, калі б гэта здарылася да ўкраінскага крызісу, то такое стаўленьне магло б мець месца. А цяпер, у гэтым кантэксьце, ніхто пра гэта ня кажа, таму што цяпер людзі глядзяць іншымі вачыма на Лукашэнку», — кажа Барбарошые.

Паводле яе слоў, людзі ў Малдове схільныя лічыць, што Лукашэнка здольны адстаяць нацыянальныя інтарэсы Беларусі перад Расеяй.

16–17 ліпеня ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімофці. Сёньня ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

XS
SM
MD
LG