Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэдняя справаздача па катастрофе малайзійскага Боінга ўскладае віну на прарасейскіх сэпаратыстаў


Праект дакладу сьледчай групы галяндзкай Рады па бясьпецы авіяпалётаў ускладае на прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе віну за зьнішчэньне самалёта Malaysia Airlines у небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Пра гэта паведамляе CNN.

Паводле зьвестак тэлекампаніі справаздача складае некалькі сотняў старонак.

2 чэрвеня даклад быў перададзены інстытуцыям, прадстаўнікі якіх удзельнічалі ў міжнародным расьсьледаваньні. Экзэмпляры дакладу атрымалі ў прыватнасьці амэрыканская Нацыянальная рада па бясьпецы на транспарце, Фэдэральная авіяцыйная адміністрацыя і кампанія Boeing. У склад сьледчай групы ўваходзяць таксама прадстаўнікі Малайзіі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Расеі і Ўкраіны.

Атрымальнікі праекту дакладу, які пакуль трымаецца ў сакрэце, павінны да 1 жніўня падаць свае заўвагі.

Галяндзкая Рада па бясьпецы авіяпалётаў будзе складаць канчатковы даклад, які, як чакаецца, будзе абнародаваны ў кастрычніку.

16 ліпеня, напярэдадні першай гадавіны трагедыі, CNN распавяла пра зьмест праекту дакладу са словаў крыніцаў, якія яго бачылі.

Дзьве крыніцы CNN паведамілі, што сьледчая група прыйшла да высновы: лайнэр MH17 быў зьбіты ракетай з расейскай устаноўкі «Бук», выпушчанай зь вёскі на падкантрольнай сэпаратыстам тэрыторыі ўсходняй Украіны.

Паводле зьвестак гэтых крыніцаў, сьледчыя ўскладаюць частку віны на кампанію Malaysia Airlines, якая адправіла самалёт, які выконваў рэйс Амстэрдам-Куала-Лумпур, праз паветраны калідор над зонай канфлікту.

Сьледчая група абвінаваціла авіякампанію ў тым, што яна не прыняла пад увагу папераджальныя паведамленьні іншых краінаў для сваіх пілётаў. Гэтыя паведамленьні патрабавалі ад лётчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы над усходам Украіны.

Галяндзкая Рада па бясьпецы авіяпалётаў заявіла, што ня будзе камэнтаваць «канфідэнцыйны праект канчатковай справаздачы».

У Вашынгтоне як Нацыянальная Рада па бясьпецы на транспарце, гэтак і Фэдэральная адміністрацыя грамадзянскай авіяцыі адмовіліся камэнтаваць хаду расьсьледаваньня і яго вынікі, якія сталі здабыткам галоснасьці.

У сваім папярэднім дакладзе, апублікаваным у верасьні, сьледчыя заявілі, што фюзэляж самалёта быў прабіты звонку вялікай колькасьцю «аб’ектаў высокай энэргіі.»

Фрэд Вэстэрбэке з пракуратуры Галяндыі ў верасьні летась паведаміў журналістам, што MH17, хутчэй за ўсё, быў зьбіты зь зямлі.

Адзін з вайскоўцаў, які ваюе на баку сэпаратыстаў, паведаміў агенцтву AP пасьля катастрофы, што самалёт быў зьбіты зьмяшанай камандай сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў, якія думалі, што яны цэлілі ва ўкраінскі вайсковы самалёт.

Аўдыёзапісы перахопленых тэлефонных размоваў паміж сэпаратыстамі, якія былі абнародаваныя ўрадам Украіны, падтрымліваюць гэтую вэрсію.

Вэстэрбэке папярэдзіў, што з прычыны цяжкасьцяў правядзеньня экспэртызы ў зоне канфлікту хутчэй за ўсё падазраваныя ва ўчыненьні злачынства ніколі ня будуць дакладна выяўленыя і прыцягнутыя да суду.

Аднак 15 ліпеня ў амэрыканскі суд быў пададзены пазоў, які абвінавачвае ў арганізацыі зьнішчэньня малайзійскага самалёта Ігара Гіркіна, былога ваеннага лідэра прарасейскіх сэпаратысцкіх сілаў ва Ўсходняй Украіне.

У пазове, пададзеным у суд у Чыкага, сьцьвярджаецца, што Гіркін ва ўчыненьні гэтага злачынства дзейнічаў з блаславеньня Крамля.

Адвакат Флойд Візнэр выкарыстоўвае амэрыканскі закон аб абароне ахвяраў катаваньняў, які дазваляе выстаўляць гэткія пазовы замежным грамадзянам для разгляду іх у амэрыканскім судзе.

Пазоў патрабуе выплаты 900 мільёнаў даляраў сем’ям пасажыраў малайзійскага самалёта.

Візнэр заявіў, што справа «не ў грашах». Паводле яго, гаворка ідзе аб атрыманьні адказаў ад Гіркіна і аб ціску на Расею, каб прымусіць яе супрацоўнічаць зь міжнародным трыбуналам па справе зьнішчэньня самалёта.

Малайзія і іншыя краіны, якія ўдзельнічаюць у супольнай сьледчай групе, настойваюць на стварэньні міжнароднага трыбуналу пад мандатам ААН, які б перасьледаваў тых, хто абвінавачваецца ў зьнішчэньні самалёта.

Але Расея заяавіла 9 ліпеня, што будзе выступаць супраць прыняцьця рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН аб стварэньні такога трыбуналу.

Прэм’ер-міністар Малайзіі Наджыб Разак заявіў 11 ліпеня ў Куала-Лумпуры, што сьледчыя «вельмі блізкія да таго, каб назваць вінаватых».

Ён таксама заклікаў «усе зацікаўленыя дзяржавы забясьпечыць поўнае супрацоўніцтва, каб можна было сабраць неабвержныя доказы таго, што здарылася, і асабліва ў прыцягненьні да адказнасьці вінаватых».

XS
SM
MD
LG