Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заробкі выкладчыкаў рост платы за навучаньне ў ВНУ не паўплывае, — былы прарэктар БДУ


Вядучыя ВНУ краіны агучылі новыя кошты навучаньня. Цэны вырасьлі на 10–15%.

Як паведамляе tut.by, у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце платная адукацыя для першакурсьнікаў у параўнаньні зь мінулым годам падаражэла на 2,2 мільёна (13%) і складзе амаль 20 мільёнаў беларускіх рублёў.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт павялічыў цэны на 10–15%. Сёлета першакурсьнікам прыйдзецца заплаціць за вучобу ад 18 да 20 мільёнаў рублёў.

На 15% вырасьлі цэны і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі: за першы год навучаньня там трэба аддаць ад 19 да 23 мільёнаў.

БДПУ імя Максіма Танка на большасьці спэцыяльнасьцяў гатовы падрыхтаваць будучых пэдагогаў за 15 мільёнаў рублёў.

У Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце год вучобы для першакурсьнікаў падаражэў на 15% і каштуе каля 18 мільёнаў рублёў. Столькі ж — у Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце.

Цана вучобы на завочных аддзяленьнях ВНУ складае траціну ад кошту дзённага навучаньня і вагаецца ў межах 6–8 мільёнаў рублёў.

Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў тлумачыць, што плата за вучобу расьце гэтаксама, як і за ўсе іншыя паслугі і прадукты, якія ў параўнаньні зь мінулым годам падаражэлі прыкладна на 15%:

Цана навучаньня наблізілася да цаны навучаньня ў Эўропе — напрыклад, у Польшчы і Літве

«Такое павышэньне цэнаў на вучобу зразумелае ў межах цяперашняй інфляцыі. Працаваць са стратамі ніхто ня хоча, таму і падымаюць кошты. Іншая справа, што спажывец трапляе ў сытуацыю, калі заробкі не павышаюцца, а рахункі растуць. Становіцца вельмі дорага набываць паслугі, у тым ліку і адукацыйныя. Выходзіць, што цана ў тысячу-паўтары даляраў за год навучаньня наблізілася да цаны навучаньня ў Эўропе — напрыклад, у Польшчы і Літве».

Анатоль Паўлаў таксама адзначыў, што ў цэлым на заробках выкладчыкаў ВНУ павышэньне цаны за навучаньня не адаб’ецца:

«Калі за гэтыя грошы выкладчыкам паднялі заробкі на 15%, то павышэньне цаны на адукацыю яшчэ была б апраўданае. Але, на жаль, такога ня будзе. Увогуле, калі на пачатку 90-х гадоў уводзілі ў якасьці экспэрымэнту невялікую колькасьць платных месцаў у ВНУ, гэта было выклікана тым, што дзяржава навучальныя ўстановы амаль не фінансавала. Таму грошы, якія ішлі ад „платнікаў“, скіроўваліся на патрэбы ВНУ — на абсталяваньне, на рамонт, на заробкі, на літаратуру. Сёньня гэта гіпэртрафавалася зусім у іншыя формы. І сёньня разьмеркаваньне грошай дыктуе Міністэрства адукацыі, усё адбываецца на яго ўказаньне».

XS
SM
MD
LG