Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму зайздросьцяць беларусы?


Яшчэ адна характэрная рыса, якой наш народ адрозьніваецца ад суседзяў.

Колькі разоў даводзілася чуць ад літоўцаў – які прыгожы горад Менск! Ад палякаў – эх, у вас усё толькі пачынаецца! Ад расейцаў – у вас палі засеяныя, вуліцы чыстыя і ўвогуле Эўропа! Ад украінцаў – якая цудоўная беларуская літаратура і якая прыгожая мова! Ну і ад усіх разам – які цудоўны беларускі народ! Даволі часта з зайздрасьцю нашы суседзі згадваюць і «вашага прэзыдэнта»!

Стаў я прыгадваць зайздросныя токі ў адваротным накірунку – прыклады беларускай зайздрасьці да іншых народаў. І нешта ўва мне запрацівілася. Нічога такога не прыгадалася. Магчыма, гэта вельмі суб’ектыўнае ўражаньне, але здаецца, што беларусы нікому не зайздросьцяць, а нават гатовыя ў такім пытаньні адчуць адценьне абразы. Нейкая такая сядзіць у беларусах уласная ці то годнасьць, ці то фанабэрыя, нашмат большая і за расейскі «гонор» і за польскую пыху. Не зайздросьцім! Можа быць, у гэтым наша галоўная адметнасьць ад іншых народаў? Якая мае і станоўчую сілу (зь якой беларусы нават бяз мовы хутка асімілююць усіх прыежджых) і адмоўную (калі кожная акупацыя ў нас набывае характар грамадзянскай вайны і свае сваіх нішчаць з большай лютасьцю, чым акупантаў).

У гэтай дзікай унутранай моцы хаваецца як жыцьцяздольнасьць мэнталітэту, так і адпорнасьць да таго, каб стаць нарэшце нацыяй, сцэмэнтаванай роднаю мовай. Адсюль і такія адносіны да мовы – таксама ж унікальныя сярод іншых народаў.

Відэаапытанка на менскіх вуліцах – як супольная думка беларусаў – пацьвердзіла маё суб’ектыўнае ўражаньне: беларусы не зайздросьцяць нікому. Больш за тое, мне нават падалося, што беларусы зайздросьцяць… сабе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG