Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лекар, які паставіў дыягназ Лукашэнку, працуе ў зоне АТА


Дзьмітры Шчыгельскі

Дзьмітры Шчыгельскі

Дзьмітры Шчыгельскі стаў вядомы пасьля таго, як у 2001 годзе выступіў з артыкулам «Гісторыя хваробы Аляксандра Лукашэнкі», у якім апісаў «мазаічную псыхапатыю» кіраўніка дзяржавы.

Адразу пасьля публікацыі псыхіятар разам зь сям’ёй быў вымушаны зьехаць зь Беларусі — ўлады пагражалі, што «зловяць яго нават у джунглях Амазонкі». Дзьмітры Шчыгельскі атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Гэтым летам Шчыгельскі прыехаў валянтэрам на Данбас, каб разам зь іншымі лекарамі стварыць пункт псыхіятрычнай дапамогі для вайскоўцаў і мясцовых жыхароў.

У інтэрвію Радыё Свабода доктар Шчыгельскі сказаў, што ў зоне АТА ён ратуе жыцьці, не зважаючы на тое, на чыім баку змагаліся параненыя, і што лічыць вылучэньне Мікалая Статкевіча адзінай разумнай тактыкай у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

— Як даўно вы ў зоне АТА і што прымусіла вас прыехаць туды з Амэрыкі?

Дзьмітры Шчыгельскі

Дзьмітры Шчыгельскі

— Ва Ўкраіну я прыехаў 24 чэрвеня, а 27 ужо працаваў на Данбасе, у складзе Першага добраахвотнага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова. Гэтым разам застануся тут да канца жніўня, але калі будзе неабходнасьць, то не выключаю, што вярнуся сюды яшчэ. Я прыехаў у зону АТА бяз зброі, каб працаваць у мэдычнай структуры. Справа ў тым, што зь Першым добраахвотным мабільным шпіталём працуюць беларусы, у тым ліку стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА» гамяльчук Андрэй Стрыжак. Беларусы моцна дапамагаюць у матэрыяльна-тэхнічным пляне. За грошы, якія сабралі беларускія валянтэры, ужо набыта дзьве машыны, цяпер ідзе збор на трэцюю. Я лічу, што для беларусаў вельмі важна ў будучыні мець добрыя стасункі з украінцамі, таму трэба дапамагаць у такіх сытуацыях. Я — чалавек невайсковы, але магу дапамагчы, выкарыстоўваючы тую адукацыю, якая ў мяне ёсьць. Таму я раблю, што магу, — працую лекарам-псыхіятрам.

— Каму ў зоне АТА неабходная такая дапамога?

— Найперш, вайскоўцам. А таксама мясцоваму насельніцтву, якое таксама зьвяртаецца па дапамогу. У нас клясычная псыхіятрычная служба — кансультаваньне, прызначэньне мэдыкамэнтаў, а таксама псыхатэрапэўтычная дапамога ў выглядзе гутарак з пацыентамі. Мы аказваем дапамогу ўсім параненым — ня толькі байцам украінскай арміі, але і тым, хто змагаецца на іншым баку. Ратуем жыцьці.

— Аддзяленьне псыхіятрычнай дапамогі ў шпіталі імя Пірагова створана пры вашым удзеле?

— Гэтае аддзяленьне ўтварылася выпадкова. Спачатку я ехаў сюды працаваць у эвакуацыйную брыгаду. Калі прыехаў у Данецкую вобласьць, то сустрэў тут яшчэ адну лекарку-псыхіятра, яна з Украіны. З улікам таго, што ў вайскоўцаў была патрэба ў дапамозе псыхіятраў, было прынятае рашэньне накіраваць нас не на эвакуацыю ў батальёны, а ў адмысловае аддзяленьне ў шпіталі.

— Якая рэакцыя ў вашых пацыентаў, калі яны ўведваюць, што вы беларус?

— Вельмі добрае стаўленьне. Большасьць рэагуе вельмі добра, але некаторыя зьдзіўляюцца, бо раней не сутыкаліся зь беларускімі лекарамі-валянтэрамі. Але я далёка ня першы беларус, зь якім сутыкаюцца вайскоўцы. Тут шмат беларусаў бяруць удзел у батальёнах. Раней гэта было прасьцей, а цяпер тыя, хто ня мае ўкраінскага грамадзянства, вымушаныя далучацца да «Правага сэктару» — структуры, якая дае магчымасьць браць удзел у змаганьні неўкраінцам.

— Вы ўжо доўга жывяце ў ЗША. Распавядзіце, чым вы там займаецеся і якім чынам падтрымліваеце сувязі зь Беларусьсю?

— Я падтрымліваю вельмі сур’ёзныя сувязі зь Беларусьсю, за мяжой сустракаюся зь лідэрамі апазыцыі. Я — дырэктар і адзін з заснавальнікаў арганізацыі «Беларусы ў выгнаньні», мы супрацоўнічаем з ньюёрскай беларускай арганізацыяй «Пагоня», а таксама зь Беларуска-амэрыканскім задзіночаньнем, працуем зь беларускай і ўкраінскай дыяспарамі. Гэта мая грамадзкая дзейнасьць. Апроч гэтага ў ЗША я маю невялічкі бізнэс, зьвязаны з фармакалёгіяй.

— Вы зьехалі ў выгнаньне, бо публічна паставілі дыягназ прэзыдэнту Беларусі. Цяпер ён вылучае сваю кандыдатуру на пяты тэрмін. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?

— Гэты факт не выклікае ў мяне ніякіх эмоцыяў. Ніякіх сумненьняў з таго, моманту, калі я 15 гадоў таму ставіў дыягназ Аляксандру Лукашэнку, у тым, што ён будзе трымацца за ўладу да апошняга, у мяне няма. Таму ніякага сюрпрызу. Як было, так і засталося. Я перакананы, што ў Беларусі няма выбарчай кампаніі. Гэта ня выбары, а псэўдарэлігійны рытуал сакралізацыі асобы, якая такім чынам атрымлівае магчымасьць працягнуць свае паўнамоцтвы.

— Атрымліваецца, што патэнцыйныя кандыдаты, сярод якіх ёсьць апазыцыйныя, удзельнічаюць у гэтым рытуале...

— Сярод іх я вылучаю толькі аднаго — Мікалая Статкевча. Калі казаць пра Мікалая Статкевіча, то гэта асобны выпадак. Я лічу, што гэта адзіная тактыка, якая рэальна мае сэнс. Усё астатняе — імітацыя. Імітацыя як з боку ўлады, так і з боку кандыдатаў. Я перакананы, што адзіная тактыка, якая мае сэнс, — гэта вылучэньне Міколы Статкевіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG