Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За суткі 19 грамадзянаў Украіны парушылі дзяржаўную мяжу, зьбіраючы ягады


Затрыманых жыхароў Жытомірскай, Валынскай, Ровенскай і Чарнігаўскай абласьцей беларускія ахоўнікі мяжы перадалі сваім калегам зь Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

У паведамленьні беларускага памежнага ведамства адзначаецца, што толькі за адны суткі затрымана 19 грамадзян Украіны, якія парушылі дзяржаўную мяжу, зьбіраючы ягады. У Лельчыцкім раёне затрымана 5 украінцаў, у Маларыцкім — 8, у Іванаўскім — чацьвёра, у Столінскім і Гомельскім — па адным. Усе яны цьвердзяць, што проста заблукалі.

Затрыманых жыхароў Жытомірскай, Валынскай, Ровенскай і Чарнігаўскай абласьцей беларускія ахоўнікі мяжы перадалі сваім калегам зь Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Гэта ня першы выпадак, калі суседзі, зьбіраючы ягады і грыбы, заходзяць на тэрыторыю Беларусі. Пры канцы чэрвеня, паводле паведамленьня той жа памежнай службы, пяцёра грамадзянак Украіны зьбіралі чарніцы ў Драгічынскім раёне. Васямнаццацігадовыя дзяўчаты былі без дакумэнтаў. Іх аштрафавалі за парушэньне мяжы на 10 базавых велічыняў — 1,8 мільёна беларускіх рублёў, што адпавядае 117 далярам.

Амаль у той самы час мазырскія памежнікі затрымалі ў Лельчыцкім раёне маладога ўкраінскага хлопца і для разьбіральніцтва зьмясьцілі яго ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Тыя ж мазырскія памежнікі, правяраючы ўчастак мяжы ў напрамку Глушкавічы — Будкі-Каменскія, затрымалі дзьвюх украінак з Ровенскай вобласьці, якія зьбіралі чарніцы на беларускай тэрыторыі. Іх аштрафавалі, хаця яны таксама даводзілі, што заблукалі.

Цікавімся ў аматаркі збору лясных ягад і грыбоў, сталай жыхаркі вёскі Дзяржынск Лельчыцкага раёну спадарыні Галіны, ці рэальна абазнанаму чалавеку заблукаць у сваім лесе — хоць беларусу, хоць украінцу? І чуем такі адказ:

«Як хмарна ці дождж ідзе, то ня ведаем, куды ісьці. Закруцісься, як лес вялікі. Можаш і заблукаць і ня ведаць: куды ж дадому?»

Вяскоўка Жэня з таго ж Дзяржынску апавядае, што й беларусы ходзяць у бок Украіны, каб назьбіраць ягад, і асабліва чарніц, бо вакол вёскі яны моцна заражаныя радыяцыяй — ніякія нарыхтоўшчыкі іх не бяруць:

«От, людзі зарабілі б на чарніцах, але ж не прымаюць. Не бяруць у нас чарніц — брудныя, радыяцыя. Гэта сёй-той у бок Колак едзе, пад Украіну — там нібыта чысьцейшая зона. І чарніцы бяруць адтуль. А мы прынясем, дык яны ляжаць, ляжаць — і прападаюць. Нашы людзі й рады былі б зарабіць капейку на чарніцах — не прымаюць. Вакол вёскі яны „брудныя“. А пад Букчу, пад Украіну — чыстыя. Гэта ў нас ужо канец сьвету, за намі — Украіна. У адным баку — Жытомірская, у іншым — Ровенская вобласьць. Гэта ўжо Ўкраіна. І памежнікі ёсьць».

У гэтых мясьцінах у беларусаў і ўкраінцаў былі агульнымі і лес, і ягады, і рэчка Сьцьвіга. Мяжа разьдзяліла. Украінская вёска Познань, дзе жыве багата этнічных беларусаў, стаіць за пяцьдзясят мэтраў ад мяжы. Сваякі — па абодва бакі мяжы. Тое ж можна казаць і пра іншыя паселішчы ўсяго беларуска-ўкраінскага памежжа.

Летась і ў папярэднія гады Аляксандар Лукашэнка дазваляў украінскім грамадзянам з памежных вёсак зь 1 ліпеня да 10 жніўня і з 30 верасьня да 15 лістапада пераходзіць беларуска-ўкраінскую мяжу ў спрошчаным парадку, каб зьбіраць на беларускай тэрыторыі ягады й грыбы. Паслабленьне тычылася найперш дзесяці ўкраінскіх паселішчаў, якія знаходзяцца ў зоне адказнасьці аддзелу памежнай службы «Бярозавае» Луцкага атраду і месьцяцца побач з Палескім лясгасам.

Спрошчаны парадак пераходу ўкраінцамі мяжы для збору ягад і грыбоў зроблены быў на прапанову Дзяржаўнага памежнага камітэту, каб, як было сказана, «даць магчымасьць этнічным беларусам пракарміць свае сем’і ў цяжкі для Ўкраіны час».

Сёлета для паўднёвых суседзяў час наўрад ці лягчэйшы, аднак паслабленьня няма. І беларускія памежнікі «пачкамі» затрымліваюць украінскіх зборшчыкаў ягад і грыбоў.

Не зразумела толькі, што будзе з грыбнікамі ды ягаднікамі з Ракітнаўскага раёну Ўкраіны, калі тыя патрапяць на тэрыторыю беларускага Столінскага раёну? Справа ў тым, што 1 ліпеня ўкраінская Вярхоўная Рада ратыфікавала пагадненьне з Рэспублікай Беларусь на перасячэньне мяжы жыхарамі гэтых раёнаў у пунктах спрошчанага пропуску — зь 15 чэрвеня па 15 лістапада, пешшу альбо на ровары, з 6.00 да 22.00, зразумела, па кіеўскім часе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG