Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцкі парлямэнт сварыцца па прапановах крэдытораў з Эўразьвязам


Грэцкія дэпутаты, якім трэба да паўночы ў сераду прыняць рашэньне аб правядзеньні ў краіне радыкальных эканамічных рэформаў, гнеўна адрэагавалі на прапановы крэдытораў з ЭЗ.

У парлямэнцкім камітэце, дзе прапанаваны пакет рэформаў разглядаўся да пачатку шырокага абмеркаваньня ў парлямэнце, дыскусіі час ад часу перарасталі ў адкрытую сварку.

У прыватнасьці, былы міністар фінансаў Яніс Варуфакіс параўнаў пляны рэформаў з рэпарацыямі, якія выплочвала Нямеччына за Першую сусьветную вайну. Іншыя парлямэнтары крычалі: «Вы нас дасталі!»

Намесьнік міністра фінансаў Надзя Валавані падала ў адстаўку, заявіўшы, што яна ня можа падтрымаць пляны рэформаў. Гэтая адстаўка стала першай у адкрыта папулісцкім ўрадзе Алексіса Цыпраса, зазначае ВВС.

Вырашальнае галасаваньне ў грэцкім парлямэнце павінна прайсьці ўвечары ў сераду — празь некалькі гадзін пасьля таго, як Міжнародны валютны фонд выступіў з рэзкай крытыкай дасягнутага ў Брусэлі фінансавага пагадненьня паміж Грэцыяй і астатнімі краінамі эўразоны.

У заяве МВФ гаворыцца, што рэформы, якія Грэцыя паабяцала правесьці для атрыманьня фінансавай дапамогі, нерэалістычныя.

Прапановы Эўразоны Грэцыі, якія зьяўляюцца часткай дамоўленасьцяў, дасягнутых у пачатку тыдня, уключаюць павышэньне падатковых ставак, зьмены ў працоўным заканадаўстве, у сыстэме налічэньня пэнсій — усё тое, супраць чаго грэкі прагаласавалі на рэфэрэндуме 5 ліпеня.

XS
SM
MD
LG