Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 ліпеня: Візыт прэзыдэнта Малдовы ў Беларусь, дзень памяці Генрыха Бёля


Буслы. Жлобiн. 2015

Буслы. Жлобiн. 2015

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com.Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша

Чакаецца, што сёньня пачнецца дзвухдзённы візыт у Беларусь прэзыдэнта Малдовы Нікалае Цімафці. Паводле агенцтва Белта, заплянаваныя сустрэчы малдоўскага лідэра з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам і старшынём палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам.

Менск, прэм'ер-міністар Андрэй Кабякоў правядзе ў міністэрстве замежных справаў рабочую нараду з кіраўнікамі дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў Беларусі. У мерапрыемстве таксама прымуць удзел кіраўнікі шэрагу галіновых міністэрстваў, канцэрнаў і прадпрыемстваў. Нарада адбудзецца ў рамках штогадовага сэмінару для беларускіх дыпляматаў, які праходзіць у Менску з 8 па 17 ліпеня.

Менск, у Нацыянальным прэсавым цэнтры адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя «Аб рабоце органаў прымусовага выкананьня» з удзелам прадстаўнікоў міністэрства юстыцыі. Пачатак у 11 гадзінаў.

У гісторыі

1054 — папскія легаты абвясьцілі адлучэньне ад Царквы канстантынопальскага патрыярха Міхаіла Керуларыя, а ён — легатаў. Гэтая дата лічыцца пачаткам Вялікай схізмы, якая падзяліла адзіную да таго часу хрысьціянскую Царкву на дзьве часткі.

1941 — Нямецкія войскі занялі Смаленск.

1945 — ЗША правялі першае пасьпяховае выпрабаваньне атамнай бомбы на палігоне ў штаце Нью-Мэксыка. Выпрабаваньне адбылося ў рамках гэтак званага «Праекту Мангэтан», у якім былі створаныя тры атамныя бомбы: плютоніевая «Штучка» (Gadget) была ўзарваная 16 ліпеня; уранавы «Малыш» (Little Boy) скінуты на Хірасіму 6 жніўня; плютоніевы «Таўстун» (Fat Man) скінуты на Нагасакі 9 жніўня 1945 году. Кіравалі праектам амэрыканскі фізык Робэрт Апэнгаймэр і генэрал Лесьлі Гроўз.

1951 — быў апублікаваны славуты раман «Лавец у жыце» амэрыканскага пісьменьніка Джэрома Сэлінджэра.

1990 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1990 — Савет Міністраў БССР абвясьціў комплекс помнікаў гісторыі і культуры Полацку Полацкім гісторыка-культурным запаведнікам рэспубліканскага значэньня.

2005 — у Менску пачаўся ІV зьезд беларусаў сьвету.

У гэты дзень нарадзіліся

1863 — Ціхан Кібардзін, беларускі архітэктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1890 і 1902 гадах былі распрацаваныя генэральныя пляны забудовы Віцебску.

1872 — Руаль Амундсэн, нарвэскі падарожнік

1879 — Васіль Рагуля, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. У 1922 абраны дэпутатам у польскі сойм ад Блёку Нацыянальных Меншасьцяў, у 1928 ад таго ж блёку — у сэнат. Уваходзіў у Беларускі пасольскі клюб. Рагулю арыштоўвалі польскія ўлады. У 1930-х працаваў на сялянскай гаспадарцы. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР — 20 чэрвеня 1941 году арыштаваны савецкімі органамі дзяржбясьпекі. З пачаткам нямецка-савецкай вайны ўцёк з турмы. Падчас нямецкай акупацыі — бурмістар Дзятлава. Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 — на эміграцыі. Памёр у 1955 годзе ў Нью-Ёрку.

1908 — Юрка Лявонны, беларускі паэт. Расстраляны савецкімі карнымі органамі ў 1938 годзе.

1968 — Лары Сэнгэр, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар Вікіпедыі

У гэты дзень памерлі

1976 — Ян Станкевіч, беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч

1985 — Генрых Бёль, нямецкі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры

1989 — Гэрбэрт фон Караян, аўстрыйскі дырыжор

1990 — Мікалай Арэхва, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык

Цытата

Парадак — гэта палова жыцьця, невядома толькі, з чаго складаецца яго другая палова.

Генрых Бёль

XS
SM
MD
LG