Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пісаць «пра жлабоў» у несвабоднай краіне


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Сытуацыя несвабоды грамадзтва ўтварае дзіўныя малюнкі калейдаскопу сацыяльных кантактаў.

Напрыклад, розныя групы соцыюму ведаць ня ведалі б адзін аднаго, а калі б і ведалі, то наўрад ці б перасекліся. А тут бах – дыктатура.

І людзі паступова аб'ядноўваюцца ў рэальным жыцьці і ў сеціве. Прынцып адзін – непрыняцьце дыктатуры. Але раптам пачынаюць вылазіць вонкі ўзаеманепаразуменьні і ўзаеманепрыняцьці.

Калісьці многія ядналіся вакол ідэі незалежнасьці пад «Пагоняй». Пасьля высьвятляецца: адны за дэмакратыю, другія з б-ч-б манархію. Адны за прыярытэт асобы чалавека, другія за «традыцыю і кансэрватызм».

Са «старажытных часоў» магу прыгадаць фантасмагарычную карціну канца 1996 году, калі супраць дзеяньняў на той момант яшчэ сьвежага прэзыдэнта на плошчу Незалежнасьці выйшлі пратэставаць адначасова камуністы і прыхільнікі нацыянальна-дэмакратычнага руху. А між імі стаяла міліцыя – каб не адбыліся бойкі.

Мінуў час, і многія з тых непрымірымых супернікаў сталіся «сваімі». Прынамсі, на практыцы.

А зь нядаўніх прыкладаў – дыскусія пра нацыянальную сымболіку. Ці можна, напрыклад, «Пагоню» мадыфікаваць, абыгрываць розныя сэнсы, дадаючы старажытнаму гербу новыя дэталі. Адны цьвердзілі, што робяць свае творчыя экспэрымэнты зь любоўю, а іншыя іх клікалі блюзьнерамі, абразьнікамі сьвятыні.

Яшчэ – аднаполыя шлюбы ў далёкай заакіянскай краіне, якія падзялілі белнэт ня горш, чым стаўленьне да агрэсіі РФ ва Ўкраіну. Адзін з прыкладаў тут у камэнтах.

Але поўнай нечаканасьцю для мяне стала дыскусія, якая працягваецца і цяпер: пра «бідоншчыкаў» у новаадкрытай кавярні фаст-фуду на ўскрайку Менску. І нават тут знайшлося месца «прыніжэньню беларускай нацыі».

Драма ў тым, што многія беларусы ня могуць прызвычаіцца, што людзі розныя, і беларусы ў тым ліку. І калі адзін беларус высьмейвае жлобства іншага, гэта не азначае «прыніжэньне нацыі».

Праблема несвабоднай краіны. Магчыма, спрэчкі ідуць праз тое, што ёсьць разуменьне, што выказваньне ў СМІ ці ў сацсетцы ўплывае на нейкія пазыцыі, зьвязаныя з палітыкай увогуле, то бок з выбарам будучыні Беларусі.

А ў якіх ЗША што ні пішы – як была пэўная сыстэма, так і застанецца. У свабоднай краіне і СМІ, і блогеры займаюць свае нішы, знаходзяць «сваіх» ня толькі паводле стаўленьня да ўлады, а па больш штодзённых прынцыпах, ды проста па этыцы і эстэтыцы.

У Беларусі я бачу пэўную боязь у людзей прызнаць, што мы ўсе розныя. І што дыскусіі – гэта не разьяднаньне, а пошук агульнай карціны сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG