Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ крытыкуе пагадненьне эўразоны з Грэцыяй


Фонд скептычна ацаніў пэрспэктывы выкананьня пагадненьня з Грэцыяй. МВФ прапануе, у прыватнасьці, большае сьпісаньне грэцкіх даўгоў, чым гэта прадугледжана пагадненьнем лідэраў эўразоны з Атэнамі.

Міжнародны валютны фонд лічыць, што запазычанасьць Грэцыі па крэдытах у бліжэйшыя два гады дасягне 200% ВУП Грэцыі і папярэджвае, што прапанаваных у пагадненьні захадаў для аздараўленьня эканомікі Грэцыі недастаткова. Гэтыя высновы апублікаваныя ў дакладзе МВФ, які быў абнародаваны на другі дзень пасьля дасягненьня пагадненьня паміж лідэрамі краінаў эўразоны і Атэнамі.

У Міжнародным валютным фондзе лічаць, што ў Эўропе няправільна ацанілі выдаткі, якія спатрэбяцца для забесьпячэньня ўстойлівых парамэтраў грэцкага доўгу. Для аднаўленьня эканомікі Грэцыі неабходна значна больш намаганьняў, чым тыя, пад якімі падпісаліся эўрапейцы, гаворыцца ў дакладзе МВФ. Сярод захадаў, прапанаваных МВФ — устанаўленьне 30-гадовага ільготнага пэрыяду на абслугоўваньне ўсіх эўрапейскіх даўгоў Грэцыі, у тым ліку новых крэдытаў. У якасьці яшчэ адной экстраардынарнай меры МВФ прапануе зрабіць буйное сьпісаньне грэцкіх даўгоў, чаму, аднак, катэгарычна пярэчыць Нямеччына.

Міжнародны валютны фонд даў зразумець, што калі яго прапановы ня будуць прынятыя, то ён адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў праграме дапамогі Грэцыі.

Сёньня грэцкі парлямэнт мае прыняць чатыры законы аб рэформах. Гэта першая ўмова пагадненьня, дасягнутага лідэрамі эўразоны на саміце ў Бруселі.

Як адзначаюць экспэрты, публікацыя дакладу МВФ можа моцна перашкодзіць прэм’ер-міністру Грэцыі Алексісу Цыпрасу атрымаць ухвалу умоваў пагадненьня ў грэцкім парлямэнце.

Рэформы, супраць якіх выступаюць дэпутаты кіроўнай партыі СІРЫЗА, прадугледжваюць падвышэньне падаткаў і скарачэньне памеру пэнсій. Нэгатыўная ацэнка пагадненьня Міжнародным валютным фондам у вачах многіх дэпутатаў ад СІРЫЗЫ робіць гэтыя рэформы яшчэ больш сумнеўнымі.

Прыкладна 10% зьнешняй запазычанасьці Грэцыі складае доўг Міжнароднаму валютнаму фонду. Грэцыя ўжо стала першай краінай Эўразьвязу, якая прапусьціла два плацяжы МВФ, другі зь іх — учора.

XS
SM
MD
LG