Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Бэльгіі разьнімаў лідэраў Італіі і Нідэрляндаў: як прымалася пагадненьне па Грэцыі


Алексіс Цыпрас, Матэа Рэнцы, Ангела Мэркель
Алексіс Цыпрас, Матэа Рэнцы, Ангела Мэркель

Пра тое, што адбывалася за кулісамі саміту Эўразьвязу, на якім прымалася рашэньне пра рэформы ў Грэцыі і пра пакет дапамогі ёй, піша брытанская The Times. Погляд аўтара не пазбаўлены суб’ектыўнасьці, але ўяўляе пэўны інтарэс.

Добрай палове лідэраў ЭЗ не заставалася нічога іншага на працягу эпічнага 17-гадзіннага саміту, як толькі назіраць за мэтафарычным расьпяцьцем Нямеччынай прэм’ер-міністра і міністра фінансаў Грэцыі ў першыя гадзіны раніцы панядзелка.

«Катаваньне» збольшага адбывалася ў офісе Дональда Туска, старшыні Эўрапейскай рады. У адзін момант пасьля трохгадзіннага пасяджэньня Туск, які свайго часу прызнаваўся ў тым, што ў маладосьці быў футбольным хуліганам, схіліўся над сталом і сказаў Цыпрасу: «Вы ня выйдзеце з гэтага пакоя, пакуль мы не дамовімся». Адзін францускі чыноўнік падзяліўся ўражаньнямі: «Гэта было надзвычай цяжка, нават жорстка».

Як толькі над Брусэлем а 6-ай раніцы заняўся шэры сьвітанак, наступіла самая чорная гадзіна саміту: Грэцыя наблізілася на небясьпечную адлегласьць да выхаду з эўразоны, пасьля таго як Цыпрас адхіліў нямецкае патрабаваньне перадаць дзяржаўныя актывы памерам 50 млрд эўра — больш за 25% ВУП Грэцыі — у фонд, кіраваны ЭЗ.

Усё, чаго ён дамогся, была маленькая саступка: гэты фонд будзе знаходзіцца ў Атэнах, а не ў Люксэмбургу.

Гэтае патрабаваньне, якое прадстаўляе сабой найбуйнейшую страту эканамічнай незалежнасьці якой-небудзь краінай у мірны час, стала апошняй кропляй, і за ім рушылі ўсьлед саступкі па шэрагу пытаньняў — ад павышэньня ПДВ да скарачэньня пэнсій і гандлю ў нядзелю.

Грэцкі леварадыкальны лідэр ня толькі падпісаўся пад захадамі, адпрэчанымі яго народам на рэфэрэндуме 5 ліпеня, але і пайшоў нашмат далей, пагадзіўшыся паставіць Грэцыю пад уладу Эўракамісіі і чыноўнікаў МВФ да 2018 году.

«Гэта былі самыя жорсткія перамовы, якія я калі-небудзь бачыў, — сказаў адзін эўрапейскі дыплямат. — Там быў момант прыніжэньня, асабліва з боку Нямеччыны. Эўразона больш ня будзе ранейшай».

Італьянскі прэм’ер Матэа Рэнцы, празваны «матадорам» за эпатажны і агрэсіўны стыль паводзінаў на самітах ЭЗ, у перапынку ў калідоры схапіў за каўнер галяндзкага прэм’ера Марка Рутэ. Рэнцы раззлаваўся, што Рутэ зьвярнуўся на пленарнай сэсіі да ўсіх лідэраў ЭЗ з патрабаваньнем, каб грэцкі ўрад звольніў бюджэтнікаў, зноў узятых на працу пасьля таго, як СІРЫЗА прыйшла да ўлады ў студзені.

Відавочца распавядае: «Рэнцы сказаў Рутэ, каб той ня лез не ў сваю справу. Спрэчка, якая адбылася пасьля (праўда, безь фізычных захадаў), спынілася толькі пасьля таго, як паміж Рэнцы і Рутэ ўстаў прэм’ер Бэльгіі Шарль Мішэль».

«Мы б пазбавілі сябе краіны, якая знаходзіцца ў сэрцы нашай цывілізацыі, зьяўляецца часткай нашай культуры, часткай нашага ладу жыцьця», — заявіў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд — як бы намякнуўшы, чаго Нямеччыне і іншым паўночнаэўрапейскім «ястрабам» бракуе. «Нямеччына і іншыя краіны патрабавалі Grexit (выхад Грэцыі з зоны эўра — РС). Я адхіліў гэты варыянт», — сказаў Алянд. Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Інопресса

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG