Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на беларускамоўных шыльдах і абвестках так шмат памылак?


Бальшыня беларусаў амаль не зьвяртае ўвагі на моўныя хібы. Філёлягі раяць: каб памылак не было, варта зьвяртацца да знаўцаў беларускай мовы. Пры гэтым прызнаюць, што такія звароты — рэдкасьць.

Бальшыня беларусаў амаль не зьвяртае ўвагі на моўныя хібы. Філёлягі раяць: каб памылак не было, варта зьвяртацца да знаўцаў беларускай мовы. Пры гэтым прызнаюць, што такія звароты — рэдкасьць.

Працяглы час на магілёўскім аўтавакзале назва аднаго з інфармацыйных слупкоў на электронным табло падаецца па-беларуску як «Дні нядзелі». У адміністрацыі кажуць, што на гэтую памылку не зьвярталі ўвагі. Абяцаюць выправіць.

Электроннае табло з «Днямі нядзелі»
Электроннае табло з «Днямі нядзелі»

«Мы, вядома ж, раімся са спэцыялістамі, калі самі нешта робім. А гэтым табло займалася менская фірма. Там яны гэтак празявалі», — тлумачыць супрацоўнік адміністрацыі аўтавакзалу.

«Беларускую мову я і сам добра ведаю. Добра вучыўся ў школе. І я зьвяртаю ўвагу на такія рэчы. Але вы першы, хто пра гэтую памылку сказаў. Будзем разьбірацца. Вялікі дзякуй. Вядома ж, так пісаць нельга. Будзем выпраўляць», — паабяцаў суразмоўца.

Найбольш кідаюцца ў вочы памылкі ў напісаньні назваў вуліц. Часта беларускія словы пазбаўляюць літараў «Ў» і «Ё». Гэтак службовыя машыны міліцыі «возяць» памылкі ў слове «Магілёў». Нярэдка са слоў, дзе ёсьць «дз», выпадае «з».

У назьве вуліцы з «дз» выпала «з»
У назьве вуліцы з «дз» выпала «з»

У Магілёўскім раёне нямала плякатаў з заклікамі берагчы лес. У некаторых актыўна выкарыстоўваецца слова «Каханьне». На адным з плякатаў напісана: «Кахайце наш беларускі лес!».

На ім пазначаны і нумар тэлефона лясгасу — праўда, стары. У лясгасе таксама паабяцалі разабрацца.

Дэкан пэдагагічнага факультэту Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Аляксей Лаўшук бачыў нямала прыкладаў, як ён кажа, непаважлівага стаўленьня да беларускай мовы. Аўтарытэтны ў Магілёве філёляг са скрухаю адзначае: зьвяртацца да прафэсійных знаўцаў па кансультацыі наконт слушнасьці напісаньня беларускіх слоў неяк не прынята.

«Сапраўды, зьвяртаюцца рэдка. Як прыпячэ, дык тады бягуць, каб даў экспэртную ацэнку, ці выверыць тэксты, — зазначае Аляксей Лаўшук. — Але, як мне падаецца, варта было б большай колькасьці людзей зьвяртацца. Відаць, яны і сапраўды лічаць, што добра ведаюць беларускую мову, і навошта ім філёляг? Думаюць: „Самі напішам“. Вось самі і пішуць з памылкамі, і недарэчнасьцяў хапае».

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з шматгадовым стажам Ганна Бандарэнка кажа: за «Кахайце лес» і «Дні нядзелі» сваім вучням зьнізіла б адзнаку.

Плякат з рамантычным заклікам «Кахаць лес»
Плякат з рамантычным заклікам «Кахаць лес»

«Мне гэтае пытаньне таксама дужа баліць. Я прасіла б пад тым лёзунгам пазначыць прозьвішча таго, хто яго напісаў. Ён проста недасьведчаны, непісьменны чалавек. Ні больш ні менш. І за гэта трэба несьці адказнасьць», — адзначае Ганна Бандарэнка.

«Трэба зьвяртацца ў той жа гарвыканкам, каб яны таксама несьлі адказнасьць за тое, што адбываецца ў такой важнай справе, — працягвае суразмоўніца. — Для таго каб захаваць нормы беларускай мовы ўва ўсіх візуальных сродках, трэба сапраўды быць спэцыялістам. А калі не, то трэба зьвяртацца да спэцыялістаў, якія ў гэтым разьбіраюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG