Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: Ня думаю, што МФВ выкажа гатоўнасьць даць Беларусі крэдыт


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

15 ліпеня завяршае працу ў Беларусі місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана. Экспэрты прыяжджалі ў Менск па просьбе кіраўніцтва Беларусі, якое спрабавала ўгаварыць МВФ даць краіне новы стабілізацыйны крэдыт.

Перад самым завяршэньнем працы місіі старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук сустракаўся з экспэртамі. На пытаньне Радыё Свабода, ці можна Беларусі спадзявацца на чарговы крэдыт ад МВФ, спадар Ярашук адказаў так:

«Я нават адмыслова не задаваў гэтак пытаньне, палічыўшы для сябе гэта неэтычным. Але мне падаецца, што ў місіі МВФ ёсьць разуменьне і ўяўленьне поўнае таго, што адбываецца ў нас і што тычыцца намеру беларускіх уладаў выконваць тыя абяцаньні і праграмы, якія яны пішуць. Таму што пішуць праграмы прыгожа, прыгожа пісалі і мінулыя разы. У іх абяцанкі кшталту таго, што грэкі робяць ужо доўгі час. Дарэчы, я на сустрэчы і распавядаў пра тое, што Беларусь паўтарае шлях Грэцыі, бо ўся палітыка беларуская грунтуецца не на жаданьні і гатоўнасьці ажыцьцяўляць перамены і мяняць эканамічны курс, а на папулізьме і дэмагогіі.

Як мне падалося, місія МВФ добра разумее, што адбываецца ў Беларусі. Таму я ня думаю, што яны выкажуць гатоўнасьць прыняць рашэньне пра крэдыт. Я, канечне, бачу іх прафэсійны падыход. І мне шкада, што Дэвід Гофман ужо завяршае сваю місію. Ён мне прадставіў новага чалавека, які будзе ўзначальваць місію, — Пітэра Долмана».

На думку спадара Ярашука, у дачыненьні да Беларусі няма ніякага перадузятага падыходу з боку МВФ. Місія патрабуе прытрымлівацца праграмаў, якія прадугледжваюць эканамічную лібэралізацыю, рэструктурызацыю, прыватызацыю, адмову ад камандна-адміністрацыйнай сыстэмы, і сваю пазыцыю ня будзе мяняць. Але ў апошнія гады практычных крокаў, акрамя дробных касмэтычных захадаў, з боку беларускіх уладаў не назіралася. Таму Беларусі спадзявацца на чарговы крэдыт МВФ не выпадае, лічыць старшыня БКДП Аляксандар Ярашук.

XS
SM
MD
LG